Прафесіяналізм, адказнасць, надзейнасць
Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з дырэктарам філіяла раёна газазабеспячэння Генадзем ПІНЧУКОМ і папрасілі яго расказаць аб дзейнасці калектыву і перспектывах:
— Асноўным відам нашай дзейнасці з’яўляецца размеркаванне газападобнага паліва па трубаправодах і яго продаж. Таксама аказваем паслугі па будаўніцтве размеркавальных і ўнутрыдамавых сістэм газазабеспячэння, рамонце і эксплуатацыі газавыкарыстоўваючага абсталявання, тэхнічным абслугоўванні прыбораў і абсталявання, выдаем тэхнічныя ўмовы на забеспячэнне “блакітным палівам” жылых дамоў.
На дадзены момант уведзена ў эксплуатацыю 169,7 км сетак прыроднага газу (у тым ліку 92,5 км — у сельскай мясцовасці). Усе 8 рэгулятарных пунктаў абсталяваны сістэмай тэлеметрыі, якая дазваляе дыстанцыйна назіраць за параметрамі іх работы. У перспектыве плануецца на такі прынцып дзейнасці перавесці і 8 шафавых рэгулятарных пунктаў. У сувязі з пераводам на прыродны газ у горадзе ліквідаваны ўсе групавыя рэзервуарныя ўстаноўкі, аналагічныя дзейнічаюць пакуль у вёсках Любонічы, Гарадзец, Стайкі, Шалаёўка.
У раёне газіфікавана 10271 кватэра, з іх 3025 — у горадзе. Прыродны газ паступае ў 4033 кватэры: 2870 — гарадскія і 1163 — на вёсцы. 6108 спажыўцоў забяспечваюцца палівам праз індывідуальныя балонныя ўстаноўкі, 130 — ад рэзервуарных установак. З пачатку газіфікацыі на прыродны газ пераведзена 2820 кватэр.
Зараз наш калектыў заняты на газіфікацыі домаўладанняў па вул.Будаўнікоў у а/г Мышкавічы. У хуткім часе распачнем аналагічныя работы ў Кіраўску (вул. Пятрушы і Фрунзе), а/г Добасна (вул. Зарэчная, імя Саўчанкі), п.Няптун (вул.Юбілейная і Вішнёвая).
Для бесперабойнага і безаварыйнага забеспячэння спажыўцоў газам на прадпрыемстве створана аварыйна-дыспетчарская служба, якую ўзначальвае майстар Дзмітрый Індзюхін. Дарэчы, ён таксама з адказнасцю ставіцца да выканання ўскладзеных на яго абавязкаў майстра службы абслугоўвання ўнутрыдамавога газавага абсталявання. Добра зарэкамендавалі сябе іншыя службы: эксплуатацыі падземных газаправодаў (майстар Віктар Каранкевіч), уліку расходвання газу (майстар Іван Рыняк), будаўніча-мантажных работ (майстар Максім Казлоў), дастаўкі балоннага газу (механік Генадзь Бяляўскі).
Стараннасцю ў працы вызначаюцца таксама слесар па абслугоўванні і рамонце падземных газаправодаў Георгій Калаткоў, слесар па абслугоўванні і рамонце газавыкарыстоўваючага абсталявання Павел Іваніцкі, аператар АГЗП Дзмітрый Бяляўскі, вадзіцель Іван Іошын і інш.
Мы цэнім уклад у нашу справу ветэранаў працы Д.В.Радзівонава, Р.Р.Коўрык, Т.А.Каранкевіч, З.М.Гавароўскай, М.І.Галубоўскага, В.В.Каляснёвай, М.В.Цыбульскага і іншых. Прыемна, што яны не парываюць сувязь з родным калектывам, з ахвотай дзеляцца вопытам і навыкамі з маладзейшымі калегамі.
Нашы работнікі не толькі выдатна спраўляюцца з выкананнем пастаўленых перад імі задач, але і прымаюць актыўны ўдзел у спартыўных мерапрыемствах, аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці, праводзімых на раённым і абласным узроўнях. Дзякуючы ініцыятыўнасці старшыні цэхкама Аляксандра Бегуна, які здольны арганізаваць калектыў, і рэзультатыўным выступленням майстра і слесараў АДС Дзмітрыя Індзюхіна, Станіслава Сцефановіча, Андрэя Шахунова і Мікалая Каранкевіча, прыёмшчыка заказаў Ліліі Русецкай, галоўнага бухгалтара Надзеі Індзюхінай і бухгалтара Ірыны Фраловай, эканаміста Наталлі Лазаковіч, кантралёра Алесі Шаўчэнка, слесара Дзмітрыя Баркова і іншых работнікаў у скарбонцы газавікоў шмат розных узнагарод.
Мы разумеем, што менавіта ад зладжанай і адказнай работы кожнага залежыць бесперабойнае забеспячэнне палівам спажыўцоў, іх настрой. Таму імкнемся працаваць хутка, якасна і ў тэрмін выконваць усе заяўкі.
Першыя газабалонныя ўстаноўкі ў нашым раёне з’явіліся ў 1957 г: у калгасе “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага было ўстаноўлена 20 штук.
22 снежня 1970 г. створана Кіраўская эксплуатацыйна-мантажная кантора, на баланс якой перададзена 1267 балонных установак.
У 1971 г. быў узведзены сетчаты склад на 300 балонаў для звадкаванага газу. Адначасова вялося будаўніцтва канторы.
У 1987 г. на кацельню калгаса “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага быў пушчаны прыродны газ, а ў 1990 г. “блакітнае паліва” прыйшло ў г.Кіраўск.
У розныя гады калектыў узначальвалі: В.М.Батура, В.С.Сцяпанчанка, Р.П.Каранкевіч.