“Мае думкі пра цябе, Беларусь! – матэрыялы на конкурс творчых работ
Думкі пра будучыню…
Думкі, думкі… Мрояцца ў маёй галаве, шукаючы выйсця і тлумачэння. Назіраючы за сучаснымі падзеямі, слухаючы звесткі з усіх краін свету, часам не разумееш, што сталася з планетай, якую Бог падараваў людзям. Рэвалюцыі розных колераў, войны за перадзел свету, унутраныя канфлікты незразумелага характару… Ці ж гэтага хацелі для сваіх нашчадкаў тыя, хто ахвяраваў свае жыцці дзеля міру і дабра, хто на працягу апошняга стагоддзя шукаў і знаходзіў шляхі ўзаемаразумення і сяброўскіх зносін паміж народамі Зямлі?
І міжволі паўстае пытанне: “Якой ты будзеш, будучыня?” Як растлумачыць жаданне многіх кіраўнікоў вялікіх і малых народаў сапсаваць жыццё суседзяў, пасеяць смуту, развязаць канфлікт, непрыкрыта лезці са сваім уставам у чужы манастыр? Нейкі вірус пашкодзіў сумленне і розум некаторых дзеючых асоб замежжа, якія цынічна даказваюць сваю звышстаноўчасць!
Але хочацца верыць у светлую будучыню, у мірнае, разумнае і прагрэсіўнае рашэнне пытанняў, якія ставіць перад намі жыццё. Не палітыка зброі і сілы, а палітыка сяброўства і ўзаемадапамогі павінны стаць у будучым галоўным стымулам зносін паміж людзьмі.
Я ўсім сваім юнацкім разуменнем веру ў моц сваёй краіны і здаровы розум свайго народа, яго прагрэсіўнай часткі ў вырашэнні ўзнікаючых пытанняў. Я бачу нашу родную краіну, сінявокую Беларусь, мірнай, прыгожай, станоўчай і паспяховай, з разважлівымі людзьмі, здольнымі памятаць, разумець, шанаваць і прымнажаць дасягнутае, паважаць законы сваёй і суседніх краін, не сквапіцца на дарэмныя абяцанні, а ўласнай працай даказваць сваю годнасць і сваё прызначэнне чалавекам звацца, выхоўваць у сваіх дзяцей патрыятызм і любоў да роднай зямлі…
_____________________________
Думкі пра Беларусь…
Думкі, думкі… Мрояцца гарою,
Іх не зачыніць і не стрымаць,
Будучыня. Што гэта такое?
І як яе ўбачыць, разгадаць?
Я так хачу для будучыні міру,
Сяброўскіх зносін,
радасных падзей,
Каб гром вайны маю краіну мінуў,
Каб вірус злобы не скасіў людзей!
Каб погляд іх быў стрыманы
і добры,
Камень за пазухай
ніхто каб не трымаў,
Каб мір і лад усім быў даспадобы,
І кожны шчасце ў жыцці пазнаў!
Зямля ад войнаў каб адпачывала,
Народы свету ладзілі заўжды,
Стыхійных бедстваў
больш каб не бывала,
Радзілі нівы і цвілі сады!
Каб родны кут любілі ўсёй душою,
Які б не быў ён, бо радней няма,
Каб справы добрыя
тварылі талакою,
Каб розум свой не трацілі дарма!
Не квапіліся на пустыя звоны
І абяцанні раю за мяжой,
Не трацілі каб часу на паклоны
Асобам цемры на зямлі чужой!
Каб росквіту сваёй зямлі жадалі
І ўсё для гэтага рабілі, што маглі,
Дзяцей сваіх дабру каб навучалі
І веды, вопыт свой перадалі!
Тады наш край
блакітна-васільковы
Будзе штогод мацнець і расцвітаць,
І ніякія знешнія аковы
Не змогуць яго поступу стрымаць!
А здраднікаў і цёмных ваяводаў
Давайце згонім з роднае зямлі,
Каб людзі гераічнага народа
Свабодна жыць і працаваць маглі!
Жыццё… Яно складанае такое,
Але сваім я лёсам ганарусь,
Пакуль усе мы разам, талакою,
Жыць будзе наша маці-Беларусь!
Уладзіслаў ЧЭКУЛАЕЎ, студэнт Акадэміі МУС.