Спецыялісты племянной справы Кіраўшчыны ў чарговы раз паказалі высокі ўзровень падрыхтаванасці
Сёння ферма – гэта не проста вялікае жывёлагадоўчае памяшканне, у якім утрымліваюць кароў, а складаная ў тэхналагічным плане вытворчасць, свайго роду малочная фабрыка. І калі кола абавязкаў даяркі ў пэўным разуменні некалькі спрасцілася, бо разумная тэхніка часцей сама разлічвае ўсе тонкасці – трэба толькі ўважліва кіраваць тэхналагічным працэсам, то істотна ўзрасло значэнне спецыялістаў, сярод якіх асаблівае месца займае тэхнік па ўзнаўленні статка.
Безумоўна, прафесія асемянатара зусім не такая простая, як могуць многія сабе ўявіць. За кароткія тэрміны яе не асвоіш. Тут патрабуюцца спецыфічныя навыкі і веды, акрамя таго, неабходна любіць жывёлу, клапаціцца аб ёй, весці за ёй штодзённыя назіранні, планаваць сваю работу на некалькі месяцаў наперад. Менавіта ад гэтага спецыяліста напрамую залежыць падтрыманне каровы ў “рабочым стане”. Племянная работа з’яўляецца асновай жывёлагадоўлі, яе вытокам. У тых гаспадарках, дзе ёсць кваліфікаваныя аператары па штучным асемяненні жывёлы, як правіла, на высокім узроўні пастаўлена работа па ўзнаўленні статка. Там заўсёды паспяховыя расцёлы, высокая захаванасць маладняка, а ў канчатковым выніку – трывалая эканоміка сельгаспрадпрыемства, яе дабрабыт.
Пільная ўвага ў Магілёўскай вобласці заўсёды надаецца спецыялістам сярэдняга звяна жывёлагадоўчай галіны, і, у прыватнасці, тэхнікам-асемянатарам. Для павышэння прэстыжу гэтай прафесіі, павышэння кваліфікацыі кадраў штогод арганізоўваюцца абласныя конкурсы прафмайстэрства. Ім, як правіла, папярэднічаюць раённыя этапы, на якіх правяраецца як агульны ўзровень падрыхтаванасці, так і выяўляюцца лепшыя з лепшых, якія потым і абараняюць гонар сваіх раёнаў на этапе рангам вышэй.
Чарговы конкурс-атэстацыя тэхнікаў па штучным асемяненні кароў і цялушак прайшоў і на Кіраўшчыне. На гэты раз месцам яго правядзення стаў КСУП “Чырвоны баец”. У Паўлавіцкім СЦК сабраліся спецыялісты з усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна – 22 канкурсанты. Як і ў мінулыя гады, конкурс падзяляўся на дзве часткі. Першы этап – тэарэтычны, у якім удзельнкам прадстаяла адказаць на тэставыя пытанні па агульнай падрыхтаванасці па спецыяльнасці. Падчас другога этапа канкурсанты дэманстравалі свае практычныя навыкі. Акрамя таго, у агульную ацэнку спецыялістам уключалася правільнае вядзенне адпаведнай дакументацыі, якую кожны з іх вядзе на рабочым месцы. Асаблівая ўвага надавалася такому паказчыку, як выхад цялят на 100 кароў, які фактычна адлюстроўвае работу тэхніка-асемянатара.
Веды, навыкі і ў цэлым работу ўдзельнікаў конкурсу ацэньвала кампетэнтнае журы, у састаў якога ўвайшлі начальнік філіяла па Кіраўскім раёне РУСВП “Магілёўскае Дзяржплемпрадпрыемства” Галіна Шкрабава, намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Іван Грышчанка, галоўны ветурач раёна Мікалай Маслаў, а таксама вядучыя спецыялісты РУСВП “Магілёўскае Дзяржплемпрадпрыемства” Ганна Савіна і Марына Галафаст.
Экзаменатары з Магілёва ў чарговы раз адзначылі высокі ўзровень падрыхтаванасці і прафесійную кампетэнтнасць спецыялістаў племянной справы Кіраўшчыны. Практычна ўсе ўдзельнікі конкурсу паспяхова справіліся і з тэставымі заданнямі, і паказалі трывалыя веды і практычныя навыкі. На належным узроўні вядзецца і дакументацыя. Ганна Савіна падкрэсліла, што конкурс на Кіраўшчыне праходзіў адным з апошніх у вобласці, і, зыходзячы з сярэдняга бала ў ацэнцы ведаў, ён аказаўся тут самы высокі. І гэта, што асабліва важна, даўно стала добрай традыцыяй для тэхнікаў-асемянатараў нашага раёна.
З паспяховымі рэзультатамі канкурсантаў павіншаваў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Осіпаў, які прысутнічаў пры падвядзенні вынікаў. Ён падзякаваў спецыялістам племяннога цэху за плённую працу, адзначыўшы, што высокія рэзультаты Кіраўскага раёна ў жывёлагадоўлі Магілёўшчыны у многім маюць месца дзякуючы странасці менавіта іх. У нас гадамі склалася сапраўдная каманда сапраўдных прафесіяналаў. У ёй ёсць вопытныя майстры сваёй справы, у якіх старанна вучацца больш маладыя калегі. Дарэчы, вельмі адметна, што маладыя спецыялісты штогод папаўняюць кадравы патэнцыял, у іх ёсць жаданне і імкненне працаваць, а гэта дае падставы быць упэўненымі і ў заўтрашнім дні.
Па колькасці набраных балаў канкурсанты падышлі да фінішу з вельмі шчыльнымі рэзультатамі. І ўсё ж журы вызначыла лепшых, сярод якіх зноў фігурыравалі тыя, хто неаднаразова станавіўся пераможцамі і прызёрамі раённых конкурсаў і паспяхова прадстаўляў Кіраўшчыну на абласных.
Першае месца было прысуджана аператару па штучным асемяненні кароў з ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага Сяргею Стральцову, які на мінулым конкурсе заняў трэцяе месца. На гэты раз яму ўдалося крыху абысці леташняга пераможцу Васіля Фядотава з КСУП “Барчыцы-агра”. Упершыню ў тройку прызёраў увайшла Таццяна Шчэрбіч з СВК “Бераснёўскі” ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш”. Як адзначыла Галіна Шкрабава, яна паказвае высокія рэзультаты ў рабоце і сёлета прызнана лепшай сярод маладых спецыялістаў Магілёўшчыны. Дарэчы, былі адзначаны і некалькі іншых маладых тэхнікаў-асемянатараў, якія, нягледзячы на свой узрост, першыя крокі ў племянной рабоце робяць вельмі ўпэўнена, з’яўляючыся граматнымі спецыялістамі. У іх ліку Інга Булах з ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, Сяргей Герасімовіч з ААТ “Дабаснянскае”, Віталь Бяляўскі з “Рассвета”.
Лаўрэаты конкурсу былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі, якія пад цёплыя словы і найлепшыя пажаданні ім уручыў Аляксандр Осіпаў.
Да слова, без падарункаў у гэты дзень не застаўся ніводны з тэхнікаў-асемянатараў раёна. Удзел у арганізацыі конкурсу прынялі ААТ “Бабушкина крынка” і ААТ “Бабруйскі мясакамбінат”. Яны прадаставілі для кожнага канкурсанта даволі важкія харчовыя пакеты. Усе таксама атрымалі падарункі ад раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК, якія ўручыў старшыня райкама Віктар Ставер.
Лепшым прадстаўнікам племянного цэху Кіраўшчыны ў хуткім часе прадстаіць абараняць гонар раёна на абласным конкурсе. Будзем спадзявацца, што яны дастойна праявяць сябе, як гэта было не аднойчы.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.