На фестывалі “Залатая пчолка” кіраўчане прэзентавалі “Сенафэст”
У Клімавічах прайшоў XVIII Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”. На чатыры дні горад стаў сталіцай свята дзяцінства, дружбы і творчасці, якая сабрала калектывы з 8 краін — больш за 700 удзельнікаў.
Сёлета на фестываль прыехалі юныя артысты з Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі, Узбекістана, Латвіі, Сербіі і Славакіі.
У межах праграмы мерапрыемстваў адной з пляцовак стаў праспект прэзентацый рэгіянальных фестываляў і святаў Магілёўскай вобласці “Фестывальнае сузор’е Магілёўшчыны” — фестывальныя брэнды Прыдняпроўскага краю ў межах Года малой радзімы. Былі прадстаўлены тэатралізаваныя выставачна-гандлёвыя экспазіцыі, творчыя прэзентацыі работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, работы выставачных экспазіцый з майстар-класамі.
Вялікую цікаваць у гледачоў выклікала прэзентацыя фестывалю сена “Сенафэст”, якую падрыхтавалі работнікі культуры нашага раёна. Свята прыжылося на Кіраўшчыне, стаўшы сапраўдным брэндам. У гульнявой праграме “У гасцях у Палевіка” быў паказаны абрад “Травяны пояс”, жадаючыя паўдзельнічалі ў “Вясёлым пакосе”, “Стагаванні”. Кемлівыя гледачы адгадвалі загадкі пра палявыя кветкі. Былі таксама прапанаваны конкурсы на лепшы сплецены вянок і складанне букетаў.