“Скарбонка талентаў”
У лютым бягучага года раённым Домам культуры быў аб’яўлены агляд-конкурс па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве “Скарбонка талентаў” з мэтай садзейнічання развіццю мастацкай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў, стварэння ўмоў для рэалізацыі творчых здольнасцей жыхароў раёна.
Удзельнічаць маглі ўсе жадаючыя, намінацый было шмат: мастацкая вышыўка, роспіс па дрэве, вырабы з берасты, мастацкая апрацоўка дрэва, бісерапляценне, вырабы з гліны і шмат іншых.
На здымку: Вольга Дайнека, Аляксандр Васілюк і Валянціна Ціханава.
З прадастаўленых работ была арганізавана выстава, якая размяшчалася ў фае на другім паверсе РДК. Наведвальнікі змаглі пазнаёміцца з рукатворнай прыгажосцю мясцовых майстроў.
Вельмі ўразіла чароўнасцю сваіх вышываных карцін кіраўчанка Вольга Дайнека. З вышыўкай яна пасябравала не так даўно, усяго тры гады таму, але, паглядзеўшы на яе работы, у гэта не верыцца. Вырабы Вольгі Іванаўны ўражваюць не толькі яркімі колерамі, у кожны ўкладзена часцінка душы, яны нібыта напоўнены нейкай унутранай жывой сілай.
Зачаравалі наведвальнікаў выставы і вырабы Валянціны Ціханавай, якая займаецца роспісам па дрэве. Яна прадаставіла на конкурс кухонныя дошкі, драўляныя карціны, якія прыгожа распісала. Па словах Валянціны Аляксандраўны, большасць свайго часу жанчыны праводзяць на кухні, таму і тут яны павінны бачыць прыгажосць, хаця б у выглядзе кухонных дошак.
Працуе Валянціна Ціханава ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, вучыць рабят спасцігаць сакрэты малявання, займацца роспісам па дрэве.
Яскравыя ўражанні ў прысутных выклікала калекцыя работ сапраўднага майстра, які “будуе” з запалак — кіраўчаніна Аляксандра Васілюка.
Захапляецца гэтай справай ён нядаўна. У капілцы майстра з’явілася 11 прыгожых і арыгінальных вырабаў: тут і цудоўныя храмы, і карабель, і хатка Бабы Ягі, і шмат чаго іншага. Усе яны зроблены акуратна і дасканала, аўтарам перададзены нават самыя дробныя дэталі кампазіцыі.
Як адзначыў у размове Аляксандр Рыгоравіч, рабіць суверніры з запалак — справа турботная і складаная, але канчатковы вынік прыносіць сапраўднае задавальненне.
Людміла СЯМЁНАВА.