У Чыгірынцы адзначылі народны прысвятак Саракі
У цыкле беларускіх святаў і абрадаў Саракі — гэта прысвятак, які прыпадае на дзень веснавога раўнадзенства. Лічылася здаўна, што ў гэты дзень канчаткова ўстанаўліваецца вясна. Гэтаму прысвятку было прысвечана вясковае свята “На Саракі пайшоў снег да ракі…”, якое наладзілі ў Чыгірынскім СДК удзельнікі аматарскага аб’яднання “Срэбра сядзінаў” разам з вучнямі Чыгірынскай СШ. Аб гэтым рэдактару інтэрнет-рэсурса рэдакцыі “Кіраўца” расказала дырэктар Чыгірынскага СДК Кацярына Грыгор’ева.
Па-веснавому, ярка было аформлена месца правядзення мерапрыемства. Стужкамі былі ўпрыгожаны галінкі бярозы, сцэна прыбрана пад сялянскую хату.
У кожнай сям’і свята для гаспадынь пачыналася з завіханняў каля печы: з самага ранку выпякалася “сорак жаваранкаў” — адзін з сімвалаў надыходзячай вясны. Напяклі такога печыва ў форме птушак і ўдзельнікі свята. А каштавалі яго, запіваючы свежым бярозавікам. Цікава, што ў адным з “жаваранкаў” была запечана манета “саракоўка”. Лічылася, што той, каму яна дастанецца, будзе шчаслівы ўвесь год.
Шмат падчас свята прагучала народных песень, звязаных з прыходам вясны, было месца жартам, загадкам.
Дзеянне працягвалася і на вуліцы. Жадаючыя маглі пагушкацца на арэлях. А да вадаёма была расцелена дыванная дарожка, па якой каталіся юныя ўдзельнікі. Гэта сімвалізавала радасць у сувязі з надыходам вясны, цяпла, прылётам птушак.