Ветэран вайны Фёдар Ждановіч з Кіраўшчыны ўспамінае ваенныя гады ў Манджурыі
Усё далей у мінулае адыходзяць падзеі Другой Сусветнай вайны. На долю савецкіх людзей выпала ў ёй цяжкае выпрабаванне: абараняць шматнацыянальную Радзіму ад грознай фашысцкай навалы. Ніколі не згасне ў вяках памяць аб тых, хто са зброяй у руках змагаўся на палях бітваў, хто дзень і ноч працаваў на агульную Перамогу у тыле, хто зведаў пакуты ў варожай акупацыі.
Галоўны тэатр ваенных дзеянняў, як вядома, разгортваўся ў Савецкім Саюзе і ў Еўропе наогул. Але савецім воінам давялося абараняць свае рубяжы і на Далёкім Усходзе, дзе ў 1945 годзе актыўна дзейнічаў супольнік фашысцкай Германіі — мілітарысцкая Японія. Менавіта тут у ліку іншых савецкіх байцоў давялося ўдзельнічаць у баявых дзеяннях і нашаму земляку, жыхару Пацавай Слабады Фёдару Ждановічу.
Інакш, як беднае і гарэтнае, дзяцінства Фёдара назваць наўрад ці можна. У сям’і Ждановічаў, якія пражывалі ў 20-30-х гадах у вёсцы Боркі нашага раёна, выхоўваліся тры хлопчыкі і дзяўчынка. Рана сям’я засталася без гаспадара — памёр ад цяжкай хваробы. А неўзабаве не стала і аднаго з сыноў. Маці, каб неяк пракарміцца, вымушана была завербавацца на працу ў далёкую Сібір. У 1940 годзе Феадосся Мітрафанаўна разам з 16-гадовым Паўлам, 13-гадовым Фёдарам і самай меншай Нінай пакінула на пэўны час малую радзіму.
Як потым высветлілася і як адзначае сам аўтар гэтых радкоў, ад’езд гэты пэўным часам быў выратавальным: усе мы ведаем пра сумны і трагічны лёс Борак, якія былі спалены фашыстамі разам з жыхарамі, у тым ліку і з навакольных вёсак у 1942 годзе…
— Былі б мы там, — кажа Фёдар Андрэевіч, — і нас спасцігнуў бы такі ж лёс, як і лёс 1800 нашых землякоў…
Але дагэтуль гора ўжо прыйшло ў сям’ю. Старэйшы брат Фёдара Павел, які зусім юнаком у першыя ж дні вайны адправіўся на фронт, а таксама іх айчым (маці выходзіла замуж у другі раз) загінулі ў бязлітасных баях за абарону Масквы.
Фёдар жа апрануў вайсковы шынель у маі 1944 года, як толькі дасягнуў прызыўнога ўзросту. У гэты час Чырвоная Армія ўжо імкліва гнала ворага да межаў Заходняй Еўропы. Фёдара накіравалі на службу на Далёкі Усход у тагачасную Манчжурыю, дзе таксама было далёка не ўсё спакойна. А ў жніўні 1945 года пасля таго, як ужо скончылася Вялікая Айчынная вайна, пачалася вайна з Японіяй. Як вядома з гісторыі, яна не была працяглай, але на долю вайскоўцаў хапіла і тут выпрабаванняў. Фёдар Ждановіч ваяваў у адной з часцей на Забайкальскім фронце у якасці разведчыка зенітнай артылерыі. Задачы, якія выконваў радавы Ждановіч, патрабавалі вялікай увагі, ведаў і, безумоўна, фізічных якасцей: дзякуючы спецыяльным прыборам трэба было вызначыць вышыню, на якой пралятае варожы самалёт, яго скорасць і нават марку з тым, каб потым хутка яго знішчыць. Хапала і іншых заданняў. Былі і моманты, калі знаходзіўся на валасок ад смерці. Пасля заканчэння вайны Ждановіч прадоўжыў службу ў Манчжурыі — усяго яна “расцягнулася” на доўгія 7 гадоў — да 1951 года…
А пасля службы была радасная і доўгачаканая сустрэча з роднай Беларуссю і Кіраўшчынай. Адразу пасля вайны маці Феадосся Мітрафанаўна разам з дачкой Нінай вярнулася на радзіму. Але пасяліліся ўжо не ў Борках, а ў Зеляніцы. Сюды ж накіраваўся і Фёдар. Неўзабаве паставіў хату, хутка і мясцовую дзяўчыну прыкмеціў — Зіну Васіленка. Маладыя пажаніліся і пачалі будаваць сямейнае жыццё. Шмат гадоў Фёдар быў гаспадаром мясцовых пашаў: зранку выганяў у поле статак з калгаснай фермы, выпасваў і заганяў зноў. Працаваў заўсёды старанна. Зінаіда шчыравала на ферме даглядчыцай. А потым, ужо ў 1975 годзе, ад тагачаснага калгаса “ІІІ з’езд Саветаў” сям’і была выдзелена дыхтоўная кватэра ў Пацавай Слабадзе, і Ждановічы пераехалі туды. І на мясцовых пашах, дзе Фёдар Ждановіч прадоўжыў выпасваць калгасную жывёлу, ён заўсёды паказваў прыклад у рабоце.
Пра жонку Зінаіду Іванаўну ў Фёдара Андрэевіча і сёння самыя цёплыя ўспаміны, хоць побач яе, на жаль, няма ўжо больш за дзясятак год. Пражылі, як кажа сам, душа ў душу. Выхавалі, паставілі на ногі траіх дзяцей. Кожны знайшоў сваю дарогу. Зараз у радавым дрэве Ждановічаў шасцёра ўнукаў і сямёра праўнукаў. Так сталася, што цяжкая хвароба на доўгія 12 гадоў прыкавала гаспадыню да ложка. Увесь гэты час Фёдар Андрэевіч дапамагаў жонцы, быў побач, а тым часам яшчэ і адзін вёў хатнюю гаспадарку…
У хуткім часе рыхтуецца ветэран адзначыць сваё 90-годдзе. Сёння ён жыве ў Пацавай Слабадзе разам з дачкой Валянцінай, якая даглядае бацьку. Рады Фёдар Андрэевіч, што аказваюць увагу і дапамогу яму супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, раённы Савет ветэранаў, адміністрацыя ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Са святочнымі віншаваннямі і нават міні-канцэртамі часта прыходзяць школьнікі. І ім, юным і маладым, ветэран заўсёды жадае, каб той мір, які калісьці быў заваяваны высокай цаной, ніколі не быў парушаны.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.