Для зручнасці і бяспекі кіраўчан
Калектыў ДРБУ-197 клапоціцца не проста пра дагледжаны і прывабны выгляд дарог, але і пра бяспеку як аўтамабілістаў, так і пешаходаў. Напрыклад, многія кіраўчане і госці горада ўжо ацанілі ўсе зручнасці праведзенага капітальнага рамонту адрэзку дарогі па вул.Арлоўскага горада, якая была здадзена ў эксплуатацыю ў бягучым годзе.
Жыхары нашага раёна падчас сустрэч з прадстаўнікамі раённай улады альбо звяртаючыся на “прамыя тэлефонныя лініі”, выказваюць пажаданні аб правядзенні тых ці іншых работ, якія дазволяць зрабіць Кіраўшчыну яшчэ больш прыгожай і камфортнай для пражывання. Была просьба грамадзян аб неабходнасці будаўніцтва веласіпеднай дарожкі да райбальніцы. І раённыя ўлады пайшлі насустрач пажаданням кіраўчан.
З 1 лістапада дарожнікі праводзяць бягучы рамонт на ўчастку аўтадарогі Кіраўск —Жылічы, дзе ў хуткім часе з’явіцца зручная пешаходная дарожка, якая будзе доўжыцца да райбальніцы. Пакрыццё на ёй зробяць з пліткі, акрамя таго, былі ўстаноўлены спецыяльныя павышаныя бардзюры, што дазволіць значна павялічыць бяспеку пешаходаў. У будучым годзе на гэтым жа адрэзку дарогі плануюць з’явіцца зручная веласіпедная дарожка. Сродкі на правядзенне гэтых работ выдзелены з абласнога бюджэту, усяго плануецца зрасходваць каля 270 тысяч (дэнамінаваных) рублёў.