Прафесійнае свята адзначылі будаўнікі Кіраўшчыны
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае прафесійнаму святу будаўнікоў, прайшло ў мінулую пятніцу ў актавай зале ПМК-255. Удзел у ім прыняў старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы, яго намеснік Вячаслаў Нявінскі.
Старшыня райвыканкама, адрасуючы віншаванні калектыву ПМК-255, адзначыў, што заўсёды з павагай ставіцца да будаўнікоў, без якіх ні сельская гаспадарка, ні прамысловасць, ні сацыяльна-бытавая сфера не змаглі б развівацца. Прафесія будаўніка — сінонім самога жыцця, яго адраджэння і росквіту, бо новыя кватэры і дамы — гэта шчаслівыя навасёлы, маладыя сем’і — будучыня краіны. А значыць, жыццё працягваецца.
Па словах кіраўніка раёна, нягледзячы ні на якія складанасці, прадстаўнікі гэтай прафесіі стараюцца выконваць пастаўленыя перад імі задачы, і дасягненні калектыву ПМК-255 сведчаць, што ім гэта ўдаецца.
Міхаіл Уладзіміравіч пажадаў будаўнікам не зніжаць планку сваіх дасягненняў, упэўнена ісці наперад, укараняць у работу інавацыйныя тэхналогіі, будаваць якасна, што стане гарантам значных аб’ёмаў заказаў.
Старшыня райвыканкама ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама за добрасумленную працу, узорнае выкананне сваіх абавязкаў Мікалаю Стральцову, падзячныя пісьмы Аляксандру Арцёмаву і Юрыю Смятане.
Словы ўдзячнасці за старанную працу, адказнасць за даручаную справу выказаў у адрас калектыву начальнік ПМК-255 Ігар Лазаковіч і агучыў дасягненні будаўнікоў раёна, перспектывы развіцця і планы на будучае.
Ён адзначыў, што слоў падзякі заслугоўвае кожны, хто праяўляе стараннасць і настойлівасць у справе, з адказнасцю ставіцца да работы, імкнецца да ўдасканальвання майстэрства. За асаблівы ўклад у развіццё прадпрыемства, добрасумленную працу, дысцыплінаванасць і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Ігар Лазаковіч уручыў шэрагу работнікаў Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі.
Эстафету віншаванняў працягваў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер. Ён адзначыў, што кіраўскія будаўнікі заўсёды працуюць з любоўю да свайго краю, і гэтае пачуццё надае ім адказнасці, усяляе сілу і жаданне зрабіць яго больш прыгожым.
Прафесія будаўніка — няпростая: трэба працаваць пад адкрытым небам у любое надвор’е, не здаваць пазіцый ні ў холад, ні ў спёку. Затое як прыемна потым бачыць вынікі сваёй працы, мець непасрэднае дачыненне да стваральнага працэсу. Сёння на ўчастку нічога няма, пустое месца — а заўтра ўжо закладваецца фундамент новага аб’екта, людзі з радасцю засяляюцца ва ўтульныя кватэры, адчуваюць змены да лепшага ва ўмовах працы. Гэтым работа і высакародная, цікавая, яна – як крок у будучыню.
Віктар Ставер уручыў Падзяку райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандры Гушчынай, Сяргею Рудаку, Сяргею Чэкулаеву.
Работнікі раённага Дома культуры падарылі будаўнікам свае музычныя віншаванні.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.