У зладжаным рытме працуе калектыў Кіраўскага райпаліўзбыту
Адзінаццаць гадоў працуе ў арганізацыі маніпулятаршчык-вадзіцель на развозцы Васіль Багданаў
Якім бы цёплым ні выдаўся пачатак верасня, усё бліжэй той момант, калі прыйдзецца даставаць з шафы цёплае адзенне і паклапаціцца аб ацяпленні жылля. Спажыўцам прыроднага газу можна не хвалявацца: адкрыў венціль і — парадак. Астатняму ж насельніцтву раёна, каб адчуваць сябе камфортна зімой, трэба паклапаціцца аб забеспячэнні свайго домаўладання торфабрыкетам і дрывамі. А дапамогуць у вырашэнні гэтай задачы ў філіяле “Кіраўскі райпаліўзбыт” МАУВП “Аблпаліва”.
Узгадваюцца часіны, калі набыццё торфабрыкету суправаджалася адчувальным напружаннем і нерваваннем, калі з самай раніцы вагавую штурмавалі дзясяткі ўзгневаных грамадзян. Зараз тэрыторыя райпаліўзбыту можа падацца нязвыкла ціхай і пустыннай. Пастаўкі торфабрыкету насельніцтву ўпарадачаны. Усе заяўкі выконваюцца літаральна на працягу некалькіх дзён. Добра, што ёсць такія людзі і такая арганізацыя, якія ўсе клопаты бяруць на сябе. І больш таго, дапамогуць давезці набытае паліва ў двор. З пачатку года дровы дастаўлены ў 200 домаўладанняў, торфабрыкет – у 130. Насельніцтву рэалізавана 387 тон торфабрыкету, 970 кубічных метраў дроў. Палівам у першую чаргу забяспечваюцца льготныя катэгорыі грамадзян — ветэраны вайны і інваліды.
У перавозцы паліва, распілоўцы дроў задзейнічаны ўвесь тэхнічны парк прадпрыемства, а гэта пагрузчыкі, грузавыя аўтамашыны, трактары, станкі па распілоўцы і колцы дроў. Акрамя таго, у філіяле ажыццяўляецца шырокі спектр спадарожных паслуг: гэта пагрузка і разгрузка паліва, дастаўка, распілоўка і колка дроў. Пры гэтым апошняе карыстаецца асаблівым попытам у насельніцтва. Па заяўках грамадзян праводзіцца распілоўка і колка амаль паловы ўсяго нарыхтаванага драўнянага паліва.
Да пачатку ацяпляльнага сезону засталося не так шмат часу. Наперадзе ў калектыва райпаліўзбыту месяцы з самай вялікай нагрузкай, калі завезці паліва спяшаюцца многія грамадзяне. І ўсе старанні нешматлікага калектыву філіяла скіраваны на своечасовае забяспячэнне насельніцтва раёна цвёрдымі відамі паліва.