Гонар хлебаробскай справе

Самы сур’ёзны экзамен для аграрыяў Кіраўшчыны – уборачная кампанія – прайшоў, можна сказаць, на адным дыханні. Руплівыя і старанныя працаўнікі з раніцы і да змяркання імкнуліся хутка і без страт сабраць вырашчаны ўраджай, сілы для вырошчвання якога прыкладалі сотні людзей.
Здавалася, зусім нядаўна на палях каласілася збожжа, і ў промнях сонца зерне пералівалася золатам, а ўжо сёння засекі да краёў запоўнены новым ураджаем. Нягледзячы на розныя сюрпрызы надвор’я, якія так і імкнуліся перашкодзіць рабоце, хлебаробы Кіраўскага раёна ў чарговы раз даказалі, што на гэтай зямлі працуюць сапраўдныя прафесіяналы, аддадзеныя сваёй зямлі, сваёй хлебаробскай справе.
На старонках кожнага нумара раёнкі друкаваліся аператыўныя зводкі лідараў жніва, кожны дзень агульны каравай раёна значна прыбаўляў у вазе.
Уступаць лідзіруючыя пазіцыі падчас жніва ніхто не хацеў. Убраць збожжа да апошняга гектара, да апошняга зярнятка – такім быў дэвіз тых, хто ўпарта крочыў да перамогі.
З кагорты хлебаробаў-тысячнікаў і сямейная дынастыя Драздоў з ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. На сёлетнім жніве шчыравалі адразу тры збожжаўборачныя экіпажы, дзе старшымі камбайнерамі былі Дразды. Прычым маладое пакаленне дэманстравала падчас уборачнай увесь свой спрыт і адданасць хлебаробскай справе, і неаднойчы маладыя экіпажы станавіліся лідарамі Жніва ў раёне, а Андрэй Дрозд з памочнікам – у вобласці.
Старанная праца хлебаробаў не застаецца без увагі. На бягучым тыдні старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер уручыў каштоўныя падарункі камбайнерам Мікалаю і Анатолю Драздам (на фота ўверсе), якія падчас Жніва-2024 намалацілі 2340,5 т
збожжа, і Сяргею Дразду з Эдуардам Фаміным, на рахунку якіх 2258,5 т.

Мікалай і Анатоль Дразды працуюць у “Рассвеце” больш за тры дзесяцігоддзі, а дзесяць
гадоў таму вырашылі сямейным экіпажам паўдзельнічаць ва ўборачнай кампаніі. Можа ад таго, што яны двайняты і разумеюць адзін аднаго з паўслова, тандэм атрымаўся зладжаны. З таго часу штогод браты падчас жніва аб’ядноўваюцца ў адзіную каманду і ўпэўнена крочаць да важкіх намалотаў.
Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.