Прафарыентацыя: шлях у аграрную прафесію
![Прафарыентацыя: шлях у аграрную прафесію](https://www.kirovsk.by/wp-content/uploads/2025/02/5244831689430131841_121.jpg)
У Мышкавіцкай сярэдняй школе прайшла дыялогавая пляцоўка “Прафесійная будучыня моладзі”, накіраваная на дапамогу старшакласнікам у выбары будучай прафесіі.
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Аляксандр Багель, намеснік дырэктара Наталля Шапавалава, старшыня прафкама Святлана Акуліч і маладыя спецыялісты “Рассвета” – ветэрынарны ўрач Маргарыта Грышчанка і інжынер па ЭМТП Аляксандр Пінчук – абмеркавалі з вучнямі 10–11-х класаў пытанне запатрабаванасці прафесій сельскагаспадарчага профілю.
![](https://www.kirovsk.by/wp-content/uploads/2025/02/5244831689430131837_121.jpg)
Аляксандр Багель:
– Кожны чалавек сам выбірае сваю дарогу. Пры гэтым важна ведаць
і памятаць, што незалежна ад абранай спецыяльнасці, у будучым вы зможаце прымяніць свае веды і прафесійныя навыкі тут, на роднай зямлі, каб спрыяць росту яе дабрабыту.
Аляксандр Багель пачаў дыялог з аповеду аб бягучых тэндэнцыях у сельскай гаспадарцы, новых тэхналогіях і мадэрнізацыі абсталявання, якія істотна змянілі галіну ў апошнія дзесяцігоддзі. Ён успомніў, якой была сельская гаспадарка ў той час, калі пачынаў сваю працоўную дзейнасць, і заўважыў, што яна даўно перастала быць толькі фізічнай працай. Падкрэсліў, што менавіта маладыя спецыялісты, якія валодаюць сучаснымі ведамі, адыгрываюць ключавую ролю ў развіцці сельскай гаспадаркі і ўкараненні інавацый.
У сваім аповедзе Аляксандр Іванавіч імкнуўся паказаць старшакласнікам рэальныя перспектывы і магчымасці ў аграрнай галіне і канкрэтна ў “Рассвеце”. Ён спыніўся на пытаннях заработнай платы, у прыватнасці маладых спецыялістаў, ільготах, якія прадастаўляе гаспадарка. Адным словам, Аляксандр Іванавіч спрабаваў разбурыць стэрэатыпы аб сельскай гаспадарцы як “цяжкай” і “недаацэненай” сферы, і яму гэта ўдалося, бо ў многіх дзяцей бацькі працуюць у “Рассвеце”, і яны не па чутках ведаюць пра ўсё гэта.
Аб тым, як працуе ў сельгаставарыстве моладзь, рабятам распавялі Маргарыта Грышчанка і Аляксандр Пінчук. На іх думку, у сельскай гаспадарцы можна працаваць, тут створаны добрыя ўмовы, ёсць перспектыва кар’ернага росту, было б толькі жаданне.
Маргарыта – выпускніца Мышкавіцкай школы, скончыла спачатку Клімавіцкі аграрны каледж, потым акадэмію ветэрынарнай медыцыны ў Віцебску, працуе ветурачом на МТК “Мышкавічы”. Свой выбар зрабіла свядома. Па словах дзяўчыны, працаваць з жывёлай цікава, іх можна зразумець па паводзінах, характару і звычках, нягледзячы на тое, што яны не ўмеюць размаўляць. Праўда, ёсць асаблівасці ў працы ветурача, напрыклад, могуць выклікаць ноччу, але, працуючы ў гаспадарцы ўжо год, Маргарыту гэта не палохае.
Аляксандр – кіраўчанін, скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі. Працуе ў “Рассвеце” ўжо 4 гады. Дапамагло з працаўладкаваннем мэтавае накіраванне. Аляксандр жанаты, ёсць дзеці, і ён адчуў на сабе дапамогу, прадастаўленую гаспадаркай у выглядзе матэрыяльнай падтрымкі і да вяселля, і да нараджэння дзяцей, і пры вырашэнні бытавых пытанняў. Жыллё яму прадаставіла гаспадарка на час працоўных адносін. У прыватнай гутарцы малады чалавек прызнаўся: “За дапамогай у вырашэнні любога пытання можна звярнуцца да дырэктара. Аляксандр Іванавіч заўсёды выслухае, дасць слушную параду. Асабіста мне пры вырашэнні жыллёвага пытання ён вельмі дапамог”.
Таксама маладыя людзі адзначылі, што ў “Рассвеце” акрамя таго, што можна працаваць і зарабляць, ёсць яшчэ выдатная магчымасць знайсці сабе занятак па душы: спорт, мастацкая
самадзейнасць, іншыя накірункі грамадскага жыцця. Тут праводзіцца шмат мерапрыемстваў, асабліва з моладдзю.
Вучняў цікавіла, якая прафесія найбольш запатрабаваная і ці ёсць перспектывы кар’ернага росту ў маладых спецыялістаў. На што атрымалі разгорнутыя адказы з канкрэтнымі прыкладамі. А яшчэ атрымалі запрашэнне на вучобу ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю, а потым – на працу ў «Рассвет».
Такім чынам, прафарыентацыйная сустрэча стала карыснай і для выпускнікоў, і для сельгаспрадпрыемства, бо яна дапамагла моладзі наглядна ацаніць магчымасці, якія адкрывае аграрная сфера, і зрабіла выбар прафесіі больш усвядомленым.
Галіна РУСЕЦКАЯ.