Старшеклассники учреждений образования Кировщины готовятся к выбору будущей профессии
У жыцці кожнага чалавека настае момант, калі неабходна зрабіць выбар, які кардынальна паўплывае на яго будучыню. Вось і перад сёлетнімі выпускнікамі заканамерна паўстаюць пытанні: “Кім стаць, каб потым не шкадаваць аб прынятым рашэнні?”, “Якую абраць прафесію, каб быць запатрабаваным на рынку працы?”.
Дапамагаюць рабятам зарыентавацца ў вялікай колькасці навучальных устаноў, больш падрабязна пазнаёміцца з прапаноўваемымі ім спецыяльнасцямі праводзімыя прафарыентацыйныя сустрэчы. Адна з такіх пад назвай “Мы выбіраем прафесію” прайшла ў мінулую пятніцу на базе дзіцячай школы мастацтваў горада. На ёй прысутнічала каля 250 рабят.
Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вераніка Касьміна пазнаёміла рабят з сацыяльна-эканамічным развіццём раёна, расказала аб яго слаўных працаўніках, кіраўніках, спецыялістах, трактарыстах і жывёлаводах, якія за сваю добрасумленную працу ўзнагароджаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Падрабязна яна спынілася на кадравым пытанні: школьнікі даведаліся аб найбольш запатрабаваных у раёне спецыялістах, перспектывах пры атрыманні той ці іншай прафесіі.
Як адзначыла Вераніка Касьміна, наш раён мае сельскагаспадарчы накірунак дзейнасці, адпаведна ў кваліфікаваных кадрах гэтай галіны і маецца найбольшая неабхадімасць. Яна заклікала рабят не баяцца паступаць у навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць спецыялістаў для сельскай гаспадаркі, бо гэта гарантуе і першае рабочае месца, і канкурэнтаздольнасць на рынку працы, і дастойныя заробкі. Таксама ў раёне ёсць неабходнасць у медыцынскіх кадрах: урачах, медсёстрах.
Па словах начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, у будучых выпускнікоў ёсць магчымасць выбару, каб не проста атрымаць прафесію, але і вярнуцца на сваю малую радзіму высокакваліфікаванымі спецыялістамі.
Метадыст раённага навучальна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Вавілава нагадала рабятам, што пры выбары той ці іншай прафесіі неабходна абавязкова суадносіць свае індывідуальныя асаблівасці з абранай спецыяльнасцю. Гэта ў далейшым дазволіць не расчаравацца ў прынятым рашэнні і ў будучым атрымліваць задавальненне ад выконваемай работы.
Школьнікі пачулі шмат новай карыснай інфармацыі аб формах навучання ў розных беларускіх ВНУ і ССНУ, умовах паступлення, вучобы, праходжання вытворчай практыкі і пражывання іншагародніх. Прадстаўнікі навучальных устаноў расказалі пра актуальныя і найбольш запатрабаваныя ў Беларусі прафесіі. Увазе рабят былі прадстаўлены фота- і відэапрэзенцыі, усе жадаючыя атрымалі інфармацыйныя буклеты.
Даведаліся школьнікі аб перспектывах навучання ў Жыліцкім сельгаскаледжы і магчымасці атрымання прафесій, неабходных на рынку працы. Падрабязна аб канкрэтных спецыяльнасцях расказалі ўрач-афтальмолаг райбальніцы Карына Нурматава, старшы інспектар групы кадраў РАУС Канстанцін Бяляўскі, намеснік дырэктара сеткі бібліятэк раёна Марына Мікешына.
Удзел у прафарыентацыйнай сустрэчы прынялі прадстаўнікі МДУ імя А.А.Куляшова, Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржакадэміі ветэрынарнай медыцыны, Беларускай сельгасакадэміі, Беларуска-Расійскага універсітэта, філіяла гандлёва-эканамічнага універсітэта спажывецкай кааперацыі “Магілёўскі гандлёвы каледж”.
Падчас правядзення сустрэчы рабяты скарысталі магчымасць задаць цікавячыя іх пытанні і атрымаць кампетэнтныя адказы. Хочацца спадзявацца, што мерапрыемства дапамагло вызначыцца з выбарам будучай прафесіі многім выпускнікам.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.
На здымку: начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вераніка Касьміна, прадстаўнікі БДАТУ Андрэй Няхайчык і Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзярж-
акадэміі ветэрынарнай медыцыны Людміла Болдырава вядуць зацікаўленую размову з выпускнікамі.