Адзіны кавалер

Адзіны кавалер

У вёсцы Добрыя Уцехі, адной з самых аддаленых паселішчаў раёна, дзе калісьці было 30 двароў, а зараз засталося не больш дзесяці бабак-адзіночак і аднаго дзеда Міцяя, вырашылі, нягледзячы на ўзрост і здароўе, усё ж як належыць адзначыць Новы год і Каляды. “Завадзілам” выступіў дзед Міцяй, які хоць і жыў удаўцом, ніколі не губляў ні аптымізму, ні фантазіі.

Напярэдадні Новага года па яго гарачай прапанове ў дзедавым двары ўжо з раніцы сабраліся кабеты-аднавяскоўкі, каб разам з елачкай упрыгожыць усё наўкала тым, хто што мае. Дасталі са скрыняў яшчэ савецкіх часоў ёлачныя цацкі і іншае “прычындалле”, якое ўзнімае настрой, а за справай пацяклі размовы.
– Памятаеце, як Каляднай ночы чакалі? – звярнулася да суседзяў старая Агапка, начапіўшы акуляры з тоўстымі шкельцамі. – І дзяўчаты, і хлопцы, і старыя, і малыя… што нам былі тыя забароны?
Так, заківалі галовамі прысутныя: адны трапятліва верылі ў шчаслівае прароцтва варажбы, іншых прываблівала перадсвяточная агульнавясковая акрыленасць, калі ўсіх захапляе чаканне чагосьці незвычайнага і таямнічага, трэцім проста карцела падурэць з нагоды свята…
– Я помню, – абазвалася яшчэ малажавая кабеціна Верка, перабіраючы ў пакунку ўпрыгожванні. – Гэта ж сабраліся мы, дзяўчаты, у Марылевай хаце, селі ў кружок на падлозе ды кожная паклала перад сабой спечаную загадзя дома аладку, а бабка Марыля паклікала з двара свайго дварнягу Валета… Чыю б ён аладку першай схапіў, тую б першай і замуж узялі…
– А ты, Зінулечка, – звярнулася да сваёй аднагодкі Верка, – змухлявала: замест аладкі калдуны паклала! Толькі той піражок з мясам табе дапамог, як хваробе кашаль…
Зінулечка разгубілася, але ненадоўга, бо знайшла чым адплаціць даўнішняй сяброўцы. Вешаючы чарговую цацку на ёлкавую лапіну, кабета зазначыла:
– Вой, Верачка! А як гарачы воск вылівалі ў халодную ваду, ды ў цябе атрымалася нейкая загагуліна, бабка Марыля тлумачыла табе, што ясны сокал на тройцы коней гарачых скача… Ты ж ледзь не змяла тую загагуліну, маўлялў, лепей бы на “жыгулях” ці “масквічы” прымчаўся, бо дзе ж тым тром каням сена набраць?
Як не дзіўна, абедзве кабеціны зарагаталі, а за імі ўсе астатнія. Між тым, упрыгожванне і стварэнне для сябе сапраўднага свята працягваліся. Старыя, нібыта ўзгадаўшы маладыя гады, з асаблівым імпэтам прыладжвалі цацкі да ёлкі, а дзед Міцяй, прыпомніўшы сваю прафесію электрыка, калі працаваў маладым манцёрам у калгасе, раскручваў ланцужкі гірляднаў, намагаючыся заспяваць, ды толькі ўвесь час збіваўся.
– Змітрок, – прыпыніла старога ўдава Алеся, прашмякаўшы напалову бяззубым ротам. – Ты сёння хаця спажываў што на сняданак?..
– А як жа, – хітравата пасміхнуўся дзед Міцяй, расцягваючы гірлянду. – Ад вячэры качка з яблыкамі засталася, то раніцаю яе ў печы пагрэў ды спажыў… Смаката!
– Адкуль жа ў цябе птушка, ды яшчэ з яблыкамі? – з недаверам паглядзела на яго кабета Матрона. – Апошняму пеўню летам галаву скруціў…
– То я вам распавяду, – пакінуўшы гірлянду ў спакоі, Змітрок прысеў на лаўку. – Учора хадзіў гэта я на Лазнікоўскі вір, спадзяваўся нацягаць якой рыбкі… Ды толькі трапіў на вуду шчупак, вочы – па кулаку, нават клыкі былі… Валтузіў мяне амаль паўдня, вецер і марозік нюхаўку аблягалі, а з мяне пот у тры ручаі ледзь не паводкаю…
– І што ж далей? – зацікавіліся аднавяскоўкі.
– Далей прыцягнуў таго шчупака дамоў, распароў яму пуза і ледзьве не шчабоўкнуўся на падлогу: цалюсенькія дзве качкі былі ля паветранага пузыра ў прамой кішцы… Бачна, паленаваліся адлятаць у вырай, за тое і паплаціліся! А шчупака я пасаліў у кубёлку, на тры тыдні хопіць есці. Вось якія цуды перад святамі здараюцца!..
Кабеты меркавалі, што дзядок жартуе, аднак той быў сур’ёзным, імкнучыся нават позіркам не выдаць сваіх чароўных фантазій, хоць аднавяскоўкі ведалі, што Міцяй ніколі рыбалкай не займаўся, ды і кухар з яго быў так сабе.
Дзед Міцяй кашлянуў, зноў узяўся за гірлянду, ды раптам схамянуўся, быццам нешта ўзгадаўшы.
– Гей!.. – выдыхнуў стары. – Што я пра таго шчупака ды качак? Гэта ж дробязь у параўнанні… Зусім забыўся!
Дзед загадкава цмокнуў языком і змоўк, аглядаючы ўсю жаночую кампанію, а кабеты пераглянуліся між сабой.
– А што ж не дробязь? – Спыталася удавіца Матрона, пэўна больш іншых зацікаўленая. Прайшла хвіліна, дзве.
– Зміцер, ну што? – Цяпер амаль усе ў адзін голас запыталіся.
Дзядок таямніча прыклаў палец да сівых вуснаў:
– Глядзіце, толькі нікому не кажыце! – І зноў змоўк.
– Дык што? Не цягні ката за хвост! Хутчэй! – Перабіваючы адна адну, гучна засакаталі жанчыны. Пэўна, растрыбушынае асінае гняздо гудзела б менш, чым заінтрыгаваныя кабеты.
– Жанюся! – рэзка секануў стары, нібыта раскалоў бервяно.
– Вой, вой, вой! – У адзін голас засакаталі дзедавы слухачы. – Зусім здурнеў! Брахун!
– Я брахун? – Дзед Міцяй зрабіў выгляд, што моцна пакрыўдзіўся. – То чаму ж, даражэнькія, я хаджу па снезе ў гумавых ботах? Дзе мае валёнкі?..
Кабеты сцішыліся, чакаючы чарговага расповяду свайго адзінага і апошняга на вёску кавалера, на гэты раз той не прымусіў сябе чакаць.
– Надакучыла адному без маёй Настачкі-красачкі, дык мінулай Каляднай ноччу вырашыў выпрабаваць лёс. – Дзед зноў загадкава цмокнуў языком. – Зняў з нагі валёнак і кідзель яго праз страху хаты. Крутнуўся ён колькі разоў у паветры, ды, пэўна, моцы не хапіла, пацэліў якраз у комін!
– Печка яшчэ недатопленая была, то выцягнуў той валёнак ужо прапалены… А ў які бок насок яго паказваў – не ведаю, таму не вырашыў, хто мая абраніца. Яшчэ выбіраю, але ж ужо нядоўга засталося…
Азадачаныя кабеты цяпер ужо ў мужным настроі, катурхалі свае думкі, спадзеючыся, што хутка зразумеюць усё, як трэба, бо на такіх згібах-збегах жыцця якраз і выяўляюцца без лішніх слоў ціха і сціпла, мудра і непрамалінейна свае чалавечыя глыбіні.
…Надышла светлая часіна, калі да Новага года засталося каля гадзіны, на вуліцы цемень была густая, але ясная, і неба аж празрыстае, што з жоўта-зеленаватаю падсветкай зорак і створанай прыгажосцю аздобленай цацкамі і гірлянадмі. Елкі стваралі чароўны святочны настрой. У хату дзеда Міцяя адна за адной сыходзіліся прыгожа апранутыя, нават з пафарбаванымі вуснамі і адцененымі векамі аднавяскоўкі, нясучы кожная да святочнага стала кавалера сваю фірменную страву. Кавалер, шчаслівы ад замілавання, рассаджваў жанчын на крэслах і лаўцы, расчулена ўсміхаўся, ловячы сябе на думцы, што на яго вуду трапіла гэтак шмат шчупачак, цяпер еш, чаго душа пажадае! Адзін духмяны вандэлак вяндліны чаго каштуе! Але ж нездарма кажуць, што там, дзе хораша, утульна і прыгожа, сам час стрымлівае сваю дыхалку і нікуды не спяшаецца, гэтак і не трэба выпірацца, як мядзведзь за верабейкам. І ў галаву старога прыйшла, чуйна затармасіла іншая думка: “Ажанюся і сапраўды! Сапраўды, у гэтую Калядную ноч паспрабую валёнак, пэўна што атрымаецца абавязкова!”
Аляксандр ДЗМІТРЫЕЎ.

Последние новости

Общество

Адзіны кавалер

7 февраля 2025
Читать новость
Образование

Путь выбора профессии глазами выпускника

7 февраля 2025
Читать новость
Образование

Прафарыентацыя: шлях у аграрную прафесію

7 февраля 2025
Читать новость
Наши люди

Ровесница района

7 февраля 2025
Читать новость
Профилактика и безопасность

Как избежать бытового травматизма

7 февраля 2025
Читать новость
Актуально

Автокредит для приобретения новых автомобилей марки BELGEE

7 февраля 2025
Читать новость

Рекомендуем