Бітва за ўраджай: плячо ў плячо — як вайскоўцы дапамагаюць вяскоўцам
Разам з цывiльным насельніцтвам вайскоўцы ўносяць свой уклад у забеспячэнне нацыянальнай бяспекі краіны. Наводзяць масты і пераправы, абясшкоджваюць боепрыпасы, шукаюць захаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны… Адзiным цэлым дзейнічаюць дзяржаўныя арганізацыі нашай краіны і армія. Адзін з яркіх прыкладаў — уборачная кампанія.
Штогод вайскоўцы добра спраўляюцца з задачай па транспарціроўцы збожжавых культур у перыяд уборкі ўраджаю. Толькі ў 2017‑м у Мінскай і Магілёўскай абласцях ваеннымі вадзіцелямі было перавезена больш за 35,3 тысячы тон сельскагаспадарчых грузаў, а агульная сума аказанай бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі склала 230.863,4 беларускага рубля.
У гэтым годзе ва Ўзброеных Сілах для аказання дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям ва ўборцы ўраджаю былі сфармiраваны тры аўтамабільныя ўзводы: на базе 72‑га гвардзейскага Аб’яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў, 120‑й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады і 147‑га зенітнага ракетнага палка. Усяго ва ўборачнай кампаніі з боку Міністэрства абароны было задзейнічана больш за 100 чалавек і каля 70 адзінак ваеннай аўтамабільнай тэхнікі, якія былі накіраваны ў Мінскую, Магілёўскую і Віцебскую вобласці.
На дадзены момант у краіне, акрамя асобных гаспадарак, фактычна завершана ўборка збожжавых. Па словах намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення — начальніка ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Васіля Ядлоўскага, збор збожжавых завершаны, засталіся грэчка і проса, а таксама часткова зернебабовыя ў Віцебскай і Гомельскай абласцях.
Ваеннымі аўтамабілістамі перавезена каля 35 тысяч тон сельскагаспадарчых грузаў, у тым ліку ў Мінскай вобласці больш за 10 тысяч тон, Віцебскай вобласці — каля 10 тысяч тон і ў Магілёўскай вобласці — больш за 14 тысяч тон.
Каб уявiць аб’ём праведзенай прадстаўнікамі сілавога ведамства працы, то гэта больш за 700 умоўных грузавых вагонаў (па 50 тон) сельскагаспадарчых грузаў. Даўжыня аднаго такога вагона — 14 метраў. Калі размясціць састаў на чыгуначным палатне, то калона расцягнецца прыкладна на дзесяць кіламетраў! А яшчэ 35 тысяч тон сельскагаспадарчых грузаў — гэта тры з паловай тысячы цалкам загружаных самазвалаў МАЗ‑5551, якія б выцягнуліся адзін за другім на дарозе больш чым на 20 кіламетраў!
Аб значнасці супрацоўніцтва вайскоўцаў і грамадзянскага персаналу злучэнняў і вайсковых часцей з аграрыямі кажуць самі кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый. Так, дырэктар ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» Мікалай Курс у адным з інтэрв’ю адзначыў, што застаўся вельмі задаволены ўзаемадзеяннем з ваеннымі спецыялістамі:
— Мы шчыра ўдзячны ім за дапамогу. Людзі ў пагонах разумеюць закон уборачнай кампаніі: пакуль стаяць пагодныя дзянькі, трэба працаваць да поту ад расы і да расы.
Нягледзячы на тое што працы было шмат, салдаты з задавальненнем ехалі ў поле. Так, яфрэйтар Вадзім Гвардзіян на пяцітонным самазвале перавёз больш за 500 тон збожжа і зернебабовых. Працаваў старанна, не шкадуючы сіл. А крыніцай энергіі для салдата служылі эмоцыі: «Я ўдзячны, што мяне накіравалі на ўборку ўраджаю. Адчуванне, нібы ў дзяцінства акунуўся», — заўважыў у размове яфрэйтар.
Вадзіцель адной з вайсковых машын зводнага аўтамабільнага ўзводу — малодшы сяржант Віктар Карэнка з 86‑й брыгады сувязі выказаў меркаванне, што перавозка народнага хлеба для яго — задача дзяржаўнай важнасці.
— Уборка ўраджаю — справа агульная, — упэўнены салдат. — Тут няма свайго альбо чужога. Толькі наша: тое, што пасля перапрацоўкі апынецца на стале ў доме кожнага беларуса.
Станоўча кіраўнікі прадпрыемстваў адгукаліся пра ўсіх дапамагатых ад сілавога ведамства. І гэта невыпадкова, бо сярод іх — не толькі кваліфікаваныя вайскоўцы, але і дасведчаны грамадзянскі персанал. Вадзіцель з роты матэрыяльнага забеспячэння 2‑й інжынернай брыгады Барыс Мотуз за рулём ужо 37 гадоў. За тры тыдні вопытны аўтамабіліст перавёз на сваім МАЗе каля 730 тон збожжа.
Армія зрабiла значны ўнёсак ва ўборачную кампанію 2018 года. І калі, здавалася б, надышоў самы час адпачыць, ваенныя спецыялісты вяртаюцца да выканання сваіх штодзённых абавязкаў па забеспячэнню нацыянальнай бяспекі.
Старшы лейтэнант Артур Грыгаран, «Ваяр».
Фота Максіма Гарлуковіча і Ірыны Маліноўскай