Калі праца на зямлі – у радасць

Калі праца на зямлі – у радасць

З гераіняй гэтых радкоў – маладым спецыялістам, аграномам ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Марыяй Ляхновіч, мы пазнаёміліся падчас рэдакцыйнай камандзіроўкі ў сельгаставарыства, калі рабілі рэпартаж аб сяўбе азімых культур, правядзенні шэрагу іншых палявых работ.

На той час Марыя разам з калегамі была занята на палетках, дзе вялася сяўба азімага рапсу эксперыментальным насеннем розных гатункаў. Рассветаўцы даўно і цесна супрацоўнічаюць у гэтым накірунку з фірмамі, якія прадастаўляюць насенны матэрыял. Сёлета ў якасці такіх вопытаў на 10 га ў “Рассвеце” пасеяны гібрыды азімага рапсу. Маніторынг развіцця раслін зараз вядуць сумесна і спецыялісты сельгаставарыства, і прадстаўнікі фірмы.

Спачатку дзяўчына не звярнула на журналістаў ніякай ўвагі, яна поўнасцю была захоплена працэсам пасадкі алейнай культуры. Разам з калегамі запісвала гатункавыя дадзеныя рапсу, выстаўляла нормы высеву, кантралявала ўвесь працэс засыпкі насення. Было бачна, што гэта яе па-сапраўднаму захапляе, ёй вельмі цікавы сам працэс.

Усё ж такі ў сваім напружаным графіку, Марыя знайшла час, каб рассказаць аб сваім выбары прафесіі і першых самастойных кроках у агранамічнай справе, аб планах на будучыню …
Марыя Ляхновіч – стопрацэнтная гараджанка: нарадзілася і вырасла ў Магілёве, і ў дзяцінстве, канешне ж, як і ўсе дзяўчынкі марыла быць то спявачкай, то артысткай, а вось пра работу ў сельскагаспадарчай галіне… нават і не думала. Але калі прыйшоў час абраць будучую прафесію, вырашыла звязаць сваё жыццё менавіта з сельскай гаспадаркай. На пытанне “Чаму так?”, адказала проста: “Люблю прыроду, люблю быць на свежым паветры, назіраць, як з маленькага зярнятка вырастаюць расліны, як з дапамогай чалавека зямля дзеліцца ўраджаямі, а вось сядзець у душным кабінеце – не маё”. У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі атрымала спецыяльнасць агранома-плодаагародніка. Вучылася Марыя па мэтавым накіраванні, але пры размеркаванні з’явілася магчымасць самой абраць месца абавязковай адпрацоўкі.

– Я шмат часу сядзела ў інтэрнэце, – расказвае Марыя. – Прачытала нямала рознай інфармацыі пра сельгасарганізацыі нашай вобласці. Вельмі хацелася трапіць на работу ў стабільную гаспадарку, якая развіваецца, укараняе новыя сучасныя тэхналогіі. І калі знайшла інфармацыйныя звесткі пра ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” – адразу вырашыла – хачу працаваць менавіта тут. Мне пашчасціла, была вакансія агранома, і кіраўніцтва прыняло мяне ў штат.

Свае першыя ўражанні ад знаёмства з “Рассветам” Марыя Ляхновіч памятае і дагэтуль. Яна нават і не ўяўляла, наколькі гэта вялікая і шматпрофільная гаспадарка. Але разам з інтарэсам прыйшоў і нейкі неспакой: малады спецыяліст спалохалася, што не справіцца, што атрыманых ведаў будзе недастаткова, каб дасканала выконваць сваю работу.

Але першыя страхі прайшлі ў той жа момант, калі бліжэй пазнаёмілася са сваім настаўнікам – першым намеснікам дырэктара “Рассвета” Аляксандрам Жылінскім, калегамі па цэху – аграхімікам Андрэем Скраблевічам і аграномам Іванам Фёдаравым. Менавіта яны запэўнілі дзяўчыну, што пры жаданні і стараннасці ў яе абавязкова ўсё атрымаецца, а калі трэба слушная парада, то яны заўсёды побач і дапамогуць. Так яно і атрымліваецца. Марыя з усмешкай адзначыла, што за больш чым два гады работы ў гаспадарцы, ніводнага разу яна не плакала ад таго, што чагосьці не ведае, ці не разумее, як лепш паступіць. У складаных сітуацыях яе калегі заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, падзяліцца сваімі прафесійнымі сакрэтамі. А гэта дае ўпэўненасць у сваіх сілах, прымушае яшчэ больш дасканала спасцігаць тонкасці прафесіі агранома. Пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі Марыя плануе застацца працаваць у сельскагаспадарчай галіне, бо ўпэўнена, што знайшла сваё прызванне.

Марыя Ляхновіч старанна адносіцца да сваіх абавязкаў, разам з калегамі імкнецца да таго, каб на рассветаўскіх палях тэхналагічны працэс быў захаваны ад «А» да «Я».

– У агранаміі ўсё трэба рабіць па правілах, бо ўсе недапрацоўкі і хібы абавязкова не лепшым чынам адаб’юцца на ўраджайнасці культур, – кажа спецыяліст. – Безумоўна, многае залежыць і ад якасці правядзення палявых работ – тут ужо справа за механізатарамі. А калі ёсць паразуменне паміж спецыялістамі і работнікамі – усё атрымаецца лепшым чынам.

З усмешкай гераіня гэтых радкоў адзначае, што ніколькі не згодная з выказ- ваннем, што любімая пара ў аграномаў – зіма. Яна ж наадварот, вельмі любіць самы гарачы час – сяўбу сельгаскультур, догляд за імі і, вядома, уборку вырашчанага. “У гэтыя моманты назапашваеш такі багаты жыццёвы і працоўны вопыт, што не атрымаеш за некалькі гадоў вучобы ў навучальнай установе сядзеўшы на лекцыях, – кажа Марыя. – Таму я імкнуся пераняць бясцэнны вопыт старэйшых калег, навучыцца адчуваць зямлю-карміцельку і ўзяць ад яе ўсё, чым яна здольная падзяліцца з хлебаробамі”.

А вось узімку Марыя сумуе па густой зеляніне палеткаў, з нецярпеннем чакае, калі хлебныя каласы нальюцца залацістым зернем і пад гарачымі сонечнымі промнямі з гулкім рокатам будуць сыпацца з бункера камбайна ў кузавы аўтамабіляў. Менавіта ў гэты час, назіраючы за вынікам працы соцень людзей, да дзяўчыны прыходзіць сапраўднае задавальненне ад свайго занятку, ад таго, што яна мае дачыненне да адной з самых важных спраў – расціць хлеб, забяспечваць дабрабыт беларусаў і харчовую бяспеку краіны.

Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

Творческая группа сериала РАДАР запускает в аг. Мышковичах съемки многосерийного фильма

4 октября 2024
Читать новость
За здоровый образ жизни

Кировчане вернулись с победой

4 октября 2024
Читать новость
Актуально

Сегодня на сцене районного Дома культуры впервые прошёл районный конкурс «Супер бабушка-2024»

4 октября 2024
Читать новость
Сельское хозяйство

Золатам палёў папаўняюцца засекі

4 октября 2024
Читать новость
Актуально

Прямая телефонная

4 октября 2024
Читать новость
Актуально

Месячник безопасного труда

4 октября 2024
Читать новость