Месячнік па добраўпарадкаванні працягваецца на Кіраўшчыне
У раёне працягваюцца работы ў межах абласнога месячніка па добраўпарадкаванні, навядзення парадку на зямлі, рэалізуюцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года малой радзімы.
Аб работах, праводзімых на тэрыторыі Мышкавіцкага сельсавета, расказала старшыня гэтага сельскага Савета дэпутатаў Жанна Камінская:
— Работы па навядзенні парадку ў населеных пунктах нашага сельсавета не прыпыняем літаральна ні на дзень. Так, на ўсіх грамадскіх могілках навялі санітарны парадак: правялі абкос пустазелля, выдалілі хмызняк, убралі паваленыя ветрам дрэвы, падрамантавалі агароджу.
На бягучым тыдні актыўнымі тэмпамі вядуцца работы па ўстаноўцы і афарбоўцы плоту на вуліцах у в.Букіно. Летась у гэтым населеным пункце было ўстаноўлена 600 пагонных метраў новага плоту. Сёлета — яшчэ 920 метраў: зараз якраз займаемся яго мантажом і паралельна афарбоўкай. Значную дапамогу ў правядзенні работ аказваюць калектывы Мышкавіцкага СДК, дзіцячага садка в.П.Слабада і Мышкавіцкай СШ.
На пастаяннай аснове праводзім абследаванне прыдамавых і прылягаючых тэрыторый грамадзян. Заклікаем іх наводзіць парадак, падтрымліваць у добрым стане агароджу, дамы, надворныя пабудовы. Сёлета намі выдадзена грамадзянам 270 прадпісанняў на ўхіленне выяўленых недахопаў. Прыемна, што многія адразу імкнуцца ўсё выправіць, навесці належны парадак.
Неацэнную дапамогу ў рабоце па інфармаванні насельніцтва па пытаннях добраўпарадкавання аказвае нашаму сельвыканкаму стараста в.Букіно Наталля Шчэрбіч. Хаця чалавек яна вельмі заняты, працуе загадчыкам мясцовай фермы, але заўсёды знаходзіць час, каб сустрэцца з сяльчанамі, правесці з імі растлумачальную работу, давесці да ведама пажылых людзей неабходную інфармацыю. Таксама Наталля Іванаўна заўсёды прымае ўдзел у суботніках і грамадскіх работах. Пабольш бы нам такіх сумленных і адказных памочнікаў.
Значную работу правялі па скарачэнні колькасці пустуючых і драхлых дамоў у сельскай мясцовасці. У бягучым годзе “пазбавіліся” 9 такіх дамоў і 10 падмуркаў. Усе вызваленыя землі ўводзяцца ў севазварот. Гэтая работа будзе працягнута і надалей.
Мяркую, што дзякуючы падпісанаму Прэзідэнтам Беларусі 4 верасня бягучага года новаму указу №357 “Аб пустуючых і драхлых дамах” гэтыя работы ўдасца значна актывізаваць. Згодна дадзенага дакумента пустыя дамы будуць выяўляцца на працягу паўгода, і, калі ўладальнік не пацвердзіць жаданне прывесці дом і ўчастак у парадак і выкарыстоўваць іх па прызначэнні, у межах аднаго года будзе вызначаны іх далейшы лёс.
Работы ў межах месячніка па добраўпарадкаванні праводзім у адпаведнасці з зацверджаным планам-графікам. Падчас праведзенага членамі рабочай групы па кантролі за навядзеннем парадку і добраўпарадкавання тэрыторый раёна маніторынгу значных заўваг выказана не было. Было ўказана на неабходнасць актывізаваць работу па інфармаванні грамадзян наконт падтрымання ў належным стане прыдамавых і прылягаючых да домаўладанняў тэрыторый. Дзейнасць у гэтым накірунку намі актывізавана.