На Кіраўшчыне працягваецца правядзенне асабістых прыёмаў гарамадзян па пытаннях рэалізацыі Дэкрэта №3

У рэжыме рабочага дня была арганізавана работа службы “адно акно” па прыёму заяў грамадзян на прадастаўленне льгот па ўплаце збору на фінансаванне дзяржрасходаў, устаноўленага Дэкрэтам №3, за падатковы перыяд 2015 года.
Дарэчы, з лістапада 2016 года ў райвыканкам была пададзена 31 заява аб вызваленні (поўнасцю ці часткова) ад уплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў, з іх 3 — паўторна ў сувязі з унесенымі ў Дэкрэт №3 зменамі. 9 заяў грамадзян вырашана станоўча (прыклады шэрагу жыццёвых сітуацый будуць прыведзены ў наступным нумары газеты), 10 знаходзяцца на разглядзе камісіі па разгляду зваротаў грамадзян, прэтэндуючых на атрыманне льгот па ўплаце рэспубліканскіх падаткаў, збораў (пошлін), поўнасцю ўплачваемых у раённы бюджэт.
У райвыканкам на асабісты прыём, які праводзіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава пры ўдзеле начальніка аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Вольгі Русецкай і дэпутата райсавета дэпутатаў, галоўнага рэдактара раённай газеты “Кіравец” Наталлі Хадаковай, звярнуліся два чалавекі.
Жыхарка горада паведаміла, што пасля атрымання паведамлення з падатковай інспекцыі ў канцы 2016 года звярталася ў камісію па разгляду зваротаў грамадзян, прэтэндуючых на атрыманне льгот па ўплаце рэспубліканскіх падаткаў, збораў (пошлін), поўнасцю ўплачваемых у раённы бюджэт, з заявай аб вызваленні ад уплаты. Жанчына, у якой няма сярэдняй адукацыі, адчувала цяжкасці з уладкаваннем на работу. З лістапада 2015 года стаяла на ўліку ў сектары занятасці, а ў красавіку знялася з уліку. Ёй было адмоўлена ў вызваленні ад уплаты збору з-за адсутнасці падстаў. Пазней частку грошай яна выплаціла, а на прыём прыйшла, каб даведацца аб магчымасцях вызвалення ад астатняй часткі.
Галіна Слабоднікава растлумачыла, што з увядзеннем змяненняў у Дэкрэт №3, у прыватнасці, паняцця “ў сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі” ў жанчыны ёсць магчымасць звярнуцца з заявай у райвыканкам паўторна, паколькі, як заяўніца адзначыла, яе маці 81 год, у яе дрэнны зрок, магчыма, неабходны пабочны догляд. Яшчэ адзін аргумент “за” — у жанчыны ёсць падсобная гаспадарка.
Заяўніцы было падрабязна растлумачана, якія дакументы прадаставіць у камісію, а якія будуць запытаны самой камісіяй, і пытанне аб прадастаўленні льготы па ўплаце збору будзе разглядацца.
На прыём таксама прыйшоў мужчына з г.Кіраўска, які пражывае ў цяперашні час у сельскім населеным пункце па месцы жыхарства бацькі. У 2015 годзе ён даглядаў маці, якая мела 1 групу інваліднасці, без належнага афармлення. А зараз даглядае бацьку, якому больш 80 год. Мужчыне параілі звярнуцца ў райбальніцу за пацвярджэннем, што яго маці, якая ўжо пакінула гэты свет, мела патрэбу ў пабочным доглядзе, і што бацька ў цяперашні час мае такую патрэбу, і заява мужчыны аб вызваленні ад уплаты збору будзе разгледжана.
Галіна Слабоднікава правяла таксама “прамую тэлефонную лінію”.
На асабістыя прыёмы ў сельскай мясцовасці грамадзяне не звярталіся.
Практыка правядзення асабістых прыёмаў грамадзян і іншых форм работы па тлумачэнні норм Дэкрэта №3 будзе прадоўжана.