“Новы год — свята ўсёй сям’і!”
Пад такой назвай у мінулую суботу была наладжана сустрэча прадстаўнікоў раённай улады з бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) і непаўналетнімі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Прайшла яна ў раённым Доме культуры ў фармаце навагодняга ранішніка.
Арганізатары мерапрыемства — камісія па справах непаўналетніх, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, сацыяльна-педагагічны цэнтр, раённая арганізацыя ГА “Белая Русь” — пастараліся зрабіць так, каб напярэдадні святаў у даверлівай гутарцы расказаць бацькам аб павышэнні іх адказнасці за выхаванне дзетак, накіраваць на тое, што зімовыя святы кожны дзіцяці хоча правесці ў атмасферы сямейнай цеплыні і дабрыні.
Пакуль хлопчыкі і дзяўчынкі весяліліся ля ёлкі, іх бацькі былі запрошаны на гутарку, тон якой задала старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава. Яна агучыла, што на сённяшні дзень 96 непаўналетніх жыхароў Кіраўшчыны з 55 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З іх 46 сем’яў трапілі ў такое становішча па прычыне злоўжывання бацькамі спіртнога.
За 10 гадоў у нашым раёне 80 хлопчыкаў і дзяўчынак прызнаваліся маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. За гэтымі лічбамі — лёсы дзяцей, у некаторых выпадках — назаўсёды паламаныя.
Галіна Паўлаўна прывяла красамоўны прыклад: дзіцяці трапляе ў сацыяльны прытулак, дзе яго акружаюць клопатам і ўвагай, прапануюць чыстую бялізну, смачную ежу, гульні і цацкі, аднак яно ўсё роўна просіцца да маці, якая, часта п’яная, не прыбіраецца ў хаце, не гатуе і наогул не звяртае на яго ўвагі. Практычна кожны з такіх дзетак сцвярджае: яго мама ўсё роўна лепшая і самая любімая. Гэтым прыкладам Галіна Слабоднікава хацела падкрэсліць, што ўся работа, праводзімая ў раёне па сацыяльнай абароне дзяцей, накіравана на тое, каб кожнаму з бацькоў даць шанц задумацца аб лёсе сваіх сыноў і дочак і знайсці сілы захаваць сям’ю, каб іх дзеткі не выхоўваліся ў дзяржаўных установах альбо чужых сем’ях, а дома, побач з роднай маці.
Інспектар РАНС Аляксандр Жураўскі нагадаў бацькам аб правілах пажарнай бяспекі і неабходнасці ўважлівага выкарыстання піратэхнікі падчас святаў, аб рызыцы стаць ахвярай тонкага льду.
Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Таццяна Бяляўская звярнула ўвагу бацькоў на тое, што сацыяльна небяспечнае становішча — гэта яшчэ не канчатковы вердыкт у іх лёсе, а магчымасць выправіцца, час усвядоміць, што недобрасумленнымі паводзінамі яны паставілі на вагі будучае сваіх крывінак і бутэльку гарэлькі. Выбар застаецца за імі…
Таццяна Бяляўская павіншавала прысутных з надыходзячымі святамі і пажадала ім аднаго — захаваць сем’і для дзетак.
Падводзячы вынік размовы, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вераніка Касьміна звярнулася да матуль і тат: “Калі вы далі жыццё дзеткам, пастарайцеся зараз узяць сябе ў рукі і зрабіць так, каб яно ў іх было радасным і бесклапотным, без лішніх слёз і перажыванняў!”.
Затым Дзед Мароз і Снягурка запрасілі бацькоў разам з іх сынамі і дачушкамі закружыцца ў карагодзе вакол лясной прыгажуні, паспрачацца за перамогу ў навагодніх гульнях і эстафетах. Дзеткі падрыхтавалі касцюмы для ранішніка і вершы, за якія атрымалі салодкія ўзнагароды ад Дзеда Мароза. Завяршылася мерапрыемства агульным чаяпіццем за салодкім сталом.
Няхай зімовыя і калядныя святы, ды і наогул усё жыццё, для кожнага з хлопчыкаў і дзяўчынак, пабываўшых на гэтым ранішніку, пройдуць у такой жа добрай, радаснай і бесклапотнай атмасферы, а залежыць гэта, у першую чаргу, ад іх бацькоў.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Аляксандра ХАХЛОВА.