Выязное пасяджэнне камісіі па працаўладкаванні грамадзян у Кіраўскім раёне адбылося ў Скрыпліцы

Сярод асноўных задач камісіі — працаўладкаванне грамадзян, зарэгістраваных па месцы жыхарства на тэрыторыі раёна, забеспячэнне ўзаемадзеяння структурных падраздзяленняў райвыканкама, іншых дзяржаўных органаў і арганізацый па працаўладкаванні не занятых у эканоміцы грамадзян, аказанне арганізацыйнай і метадычнай дапамогі арганізацыям і прадпрыемствам, размешчаным на тэрыторыі раёна, па пытаннях працаўладкавання беспрацоўных.
Адно з выязных пасяджэнняў камісіі адбылося ў адміністрацыйным будынку Скрыпліцкага сельскага Савета дэпутатаў. Узначаліла выязную групу старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава. Удзел у рабоце камісіі прынялі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Лянкевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Траццякова, старшыня Скрыпліцкага сельскага Савета дэпутатаў Жанна Рышкевіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Ніва-Барсукі” Аляксей Ланкуць.
Першай на пасяджэнне камісіі прыйшла жыхарка аг.Барчыцы Н.К. Жанчына мае 26 гадоў педагагічнага стажу, у свой час працавала ў НПК “Барчыцкі ДС-СШ”. Пасля звальнення больш 4 гадоў афіцыйна нідзе не працуе: пэўны час выязжала на работу ў якасці няні ў Расію. Цяпер жа звярнулася ў камісію з просьбай дапамагчы ёй працаўладкавацца. Ёй растлумачылі, што пытанне з яе працаўладкаваннем будзе разгледжана аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Плануецца прапанаваць ёй работу з верасня бягучага года ў адной з устаноў адукацыі, а пакуль жа ёсць магчымасць папрацаваць па дагаворы падраду ў КСУП “Барчыцы-агра”. Прапанаванымі магчымасцямі працаўладкавання жанчына засталася задаволена.
Больш 3 гадоў не працуе жыхарка в.Хвайніца А. Яна адзначыла, што зараз даглядае сваіх пажылых бацькоў і не мае магчымасці пакідаць іх без нагляду. Члены каміссіі прапанавалі жанчыне звярнуцца ў райбальніцу і падаць дакументы ва ўрачэбна-кансультацыйную камісію для афармлення бацькам групы па інваліднасці. Пасля гэтага грамадзянка будзе мець права афіцыйна аформіць дакументы па догляду за сваімі роднымі.
Плацельшчыкам збору па фінансаванні дзяржаўных расходаў з’яўляецца 54-гадовы грамадзянін П. Мужчына пэўны час нідзе не працуе, жыве з сужыцелькай-пенсіянеркай. Адзін з прапанаваных яму варыянтаў працаўладкавання — па дагаворы падраду ў КСУП “Барчыцы-агра”.
Малады мужчына з аг.Скрыпліца сезонна працуе машыністам кацельні. Астатні час застаецца без работы. Мае спецыяльнасць механіка, па якой, аднак, ніколі не працаваў. Падчас размовы з членамі камісіі высветлілася, што дадзены грамадзянін не супраць разгледзець магчымасць працаўладкавання ў горадзе ці іншых населеных пунктах раёна. Разгляд дадзенага пытання ўзяты на кантроль.
Сумная гісторыя з работай за межамі Беларусі атрымалася ў 28-гадовага жыхара в.Капусціна С. Больш за 3 гады ён лічыўся прапаўшым без вестак, а тым часам знаходзіўся практычна ў рабстве ў Яраслаўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Пасля вяртання дадому перабіваецца часовымі заробкамі, дапамагаючы сяльчанам па хатняй гаспадарцы. Як выйсце, мужчыне прапанавалі звярнуцца да кіраўніцтва КСУП “Ніва-Барсукі” для афармлення дагавора падраду на працу ў якасці падсобнага рабочага.
У гэты дзень камісіяй па працаўладкаванні беспрацоўных грамадзян было заслухана яшчэ некалькі сяльчан, якія па розных прычынах нідзе не працуюць і не плацяць налогі. Усім ім былі дадзены канкрэтныя рэкамендацыі і прапанаваны арганізацыі, куды можна звярнуцца для вырашэння пытання па працаўладкаванні.
Такія выязныя пасяджэнні камісіі па працаўладкаванні беспрацоўных грамадзян праводзяцца на тэрыторыях усіх сельскіх Саветаў дэпутатаў.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.