Якія імёны даюць дзецям жыхары Кіраўскага раёна?..

Часам бацькі падыходзяць да падбору імя крэатыўна, часам выбіраюць больш простыя, шырока вядомыя імёны. Ёсць і такія, хто называе дзяцей не толькі вядомымі імёнамі славянскага паходжання, але і замежнымі, нярэдка экзатычнымі.
Як адзначыла начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Наталля Хахол, кожны з бацькоў мае права на выбар імя свайму дзіцяці. У той жа час, пачынаючы з 16-ці гадоў, грамадзянін мае права памяняць уласнае імя, але толькі ў выпадку, калі на тое маюцца важкія прычыны.
Самымі папулярнымі імёнамі ў нашым раёне ў мінулым годзе для хлопчыкаў былі: Арцём, Ягор і Мацвей, так назвалі па 8 малышоў. Вяртаецца мода на стараславянскія імёны: з’явілася 6 Іванаў і столькі ж рабят з імем Ілья, па 5 — Міхаілаў і Мікітаў. Па 4 хлопчыкі атрымалі імёны Глеб, Дзяніс, Яўгеній, Кірыл, Мікалай і Цімафей. Сярод рэдкіх імёнаў, якімі назвалі ў мінулым годзе сваіх дзяцей жыхары раёна, — Амір, Давід, Гардзей, Стэфан, Ігнат, Радамір, Платон, Даніла. Толькі па аднаму хлопчыку сталі носьбітамі папулярных раней імёнаў Сяргей, Юрый, Вячаслаў, Максім, Аляксей, Пётр, Сцяпан.
Дзяўчынак часцей называлі Сафіяй, Вікторыяй, Палінай, Аляксандрай, Алісай і Кацярынай. Некалькі маленькіх прыгажунь атрымалі цудоўныя, але ўжо крыху падзабытыя імёны: Варвара, Ева, Вольга, Антаніна, Таісія, Марыя, Арына. Некаторыя бацькі вырашылі быць больш арыгінальнымі, назваўшы сваіх дачок Дамінікай, Дарынай, Міраславай, Стэфаніяй, Міланай, Мар’янай, Эміліяй, Златаславай. З’явілася ў нашым раёне і дзяўчынка з рэдкім для нас імем Джульета (а вось Рамэо, на жаль, няма ніводнага).