За чысціню ў пад’ездах! – пад крытычным вуглом

Большасць з нас прывыклі да таго, што ва ўсіх “бедах” вінаваты нехта, але толькі не мы. Вось і ў гэтым выпадку… Даволі часта можна чуць, як гараджане не вельмі пахвальна гавораць пра работнікаў жылкамгаса, якія прыбіраюць пад’езды. Магчыма і на самой справе ў жыхароў шматпавярховак ёсць прэтэнзіі да камунальшчыкаў, але ёсць яны і ў апошніх.
На мінулым тыдні ў рэдакцыю патэлефанавалі менавіта камунальшчыкі і папрасілі прыехаць і хаця б паглядзець на “чысціню” ў пад’ездзе. Так, мы ўсё ўбачылі, нават сфатаграфавалі… Толькі брыдка такія фотаздымкі ставіць у газету, бо ад сораму яна зменіць свой чорна- блакітны колер на чырвоны.
А справа ў тым, што людзі трымаюць у кватэрах коцікаў і сабачак, а выгульваць іх лянуюцца, таму проста выпускаюць іх на лесвічную пляцоўку. Вось і атрымліваецца, што задавальненне ад зносін з братамі нашымі меньшымі атрымліваюць гаспадары кватэр, а прыбіраць за імі павінны камунальшчыкі…
Паважаныя кіраўчане, кожны з нас хоча, каб яго працу, калі не яго самога, паважалі. Чаму ж вы не паважаеце працу тых, хто стварае камфорт, наводзіць чысціню ў месцах агульнага карыстання?..
Па просьбе тых жа камунальшчыкаў у гэты раз мы не ўказваем адрас дома, дзе на лесвіцах “гаспадараць” каты і сабакі, але ў наступны раз абавязкова пазнаёмім кіраўчан з такім домам…
Галіна РУСЕЦКАЯ.