Гэта не павінна паўтарыцца!.. 11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Гэта не павінна паўтарыцца!.. 11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

 

У гады Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Гераманіі і акупіраваных ёю тэрыторыях дзейнічала больш за 14000 канцлагераў. За гэты час праз лагеры смерці прайшлі больш за 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету, з іх больш за 5 мільёнаў — грамадзяне былога Савецкага Саюза. Больш за 11 мільёнаў чалавек былі знішчаны ў засценках. Кожны пяты вязень — дзеці. Гэта страшная старонка гісторыі ўсяго чалавецтва, пра якую ніколі нельга забывацца …

Хоць адлік часу з жудасных часін ваеннага ліхалецця вядзецца на дзесяцігоддзі, з памяці ў тых, хто перажыў гэта, сцерціся такое не можа. Крывавыя ўрокі вайны, варожыя засценкі, страту родных, нястачу, голад, боль і страх давялося перажыць кіраўчаніну, зараз ветэрану працы Рыгору Захаравічу Кагану, дзяцінства якога было скалечана фашысцкімі вылюдкамі. Успамінае тыя часы былы малалетні вязень і сёння са слязьмі на вачах, нібыта каранаючы незагойную рану.

Родам Рыгор Захаравіч з вёскі Забалацце, што на Рагачоўшчыне Гомельскай вобласці. У сям’і каваля, яўрэя па нацыянальнасці і маці-беларускі акрамя яго былі яшчэ малодшыя хлопчык і дзяўчынка. Немцы акупіравалі населены пункт 29 чэрвеня 1941-га. Адразу ж пачаліся рэпрэсіі і расправы над мірным насельніцтвам, асабліва над яўрэйскім. У першыя дні акупацыі сям’я Каганаў прытулілася ў закінутым бліндажы і толькі па начах прабіралася ў вёску. Даводзілася хавацца ад немцаў, а ў большай ступені ад паліцаяў, якія ведалі ўсіх вяскоўцаў.

Аднак праз некаторы час іх усё ж знайшлі, арыштавалі і адправілі ў Рагачоўскае гета. Тут утрымлівалася каля 3500 прадстаўнікоў яўрэйскага насельніцтва з усяго раёна. Як успамінае Рыгор Захаравіч Каган, немцы і паліцаі стралялі ў людзей за любую правіннасць, а то і проста такім чынам “забаўляліся”. А самы масавы расстрэл яны ўчынілі ў пачатку лістапада, калі на працягу двух дзён на ўскрайку Рагачова знішчылі каля 3200 чалавек. Пакінулі толькі чалавек 300 з ліку тых, хто меў якую-небудзь спецыяльнасць ці валодаў рамяством і быў прыгодны для нейкіх патрэб. Пашчасціла ў гэты раз і Каганам, бо галава сям’і быў кавалём. Але 20 сакавіка 1942 года немцы спланавалі канчатковую акцыю па знішчэнні вязняў Рагачоўскага гета. Галодных, змучаных, знясіленых, распранутых людзей захопнікі пагналі да берага Дняпра, дзе знаходзіліся могілкі — там ужо былі прыгатаваны ямы для ахвяр расстрэлу. Дзесяцігадовы Рыгор, якому давялося станавіцца дарослым не па гадах, прыняў тады рашэнне паспрабаваць уцякчы з калоны. І спроба, на шчасце, удалася. Хлопчык чуў далёкія стрэлы і свіст куль, якімі фашысты спрабавалі дагнаць яго, але Бог мілаваў…

Каб засцерагчыся ад далейшых праследванняў, Рыгору давялося потым хавацца ўсю акупацыю, знаходзіць прытулак у розных вёсках, у знаёмых і незнаёмых людзей, якія ніколі не адмаўлялі яму, хоць самі пры гэтым рызыкавалі жыццямі —сваім і блізкіх.

— Перад трыма жанчынамі, — кажа Рыгор Захаравіч, — я нізка схіляю галаву. Гэта Ефрасіння Самуілаўна Завадская, Ядвіга Віктараўна Шчыгельская і Кацярына Іванаўна Куляшэўская, якія ратавалі мяне ад смерці, дзяліліся апошнім кавалачкам хлеба. У Ізраілі потым ім у ліку іншых, хто дапамагаў яўрэям у гады вайны, было прысвоена званне “Праведнік народаў свету”.

Але ў 1944 годзе, незадоўга да вызвалення, Рыгор зноў трапіў у фашысцкі засценак. Яго схапілі і адправілі ў Краснабярэжскі канцлагер, куды дастаўлялі дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Тут побач размяшчаўся нямецкі шпіталь. Кроў дзяцей павінна была ратаваць параненых варожых салдат і афіцэраў. Шмат дзіцячых жыццяў было загублена тут. Сёння на месцы былога канцлагера знаходзіцца мемарыяльна комплекс “Дзецям — ахвярам вайны”, які неаднаразова наведваў Р.З.Каган і нібыта зноў перажываў тыя страшныя дні.

Фронт набліжаўся з Усходу. 18 чэрвеня 1944 года пачалася адпраўка вязняў канцлагера ў Германію — каля 2000 чалавек. Пры пагрузцы ў вагоны эшэлона Рыгор зноў рызыкуе і рашаецца на ўцёкі. І зноў удача аказалася на яго баку…

Лёс звязаў Рыгора Кагана з Кіраўшчынай. Ён скончыў агранамічную школу ў Жылічах (пазней яна стала сельгастэхнікумам), сельгасакадэмію ў Горках, узначальваў пачаргова некалькі калгасаў, у тым ліку 30 год — калгас імя Ільіча, працаваў у раённай інспекцыі па якасці нарыхтоўкі сельгаспрадукцыі, дырэктарам агароднінасушыльнага завода, дыспетчарам калгаса “Чырвоны баец”. Яго агульны стаж у сельскай гаспадарцы — 57 (!) гадоў, на пенсію пайшоў у 74 гады. Працоўны шлях героя гэтых радкоў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх і высокія дзяржаўныя: ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Пашаны, медалём “За працоўную доблесць і іншымі.

— Я і цяпер здзіўляюся, — адзначае мой субяседнік, — як мне ўдалося выжыць у тыя страшныя часіны. Бог збярог мяне. І я на працягу жыцця імкнуўся сваёй самаадданай працай аддзякаваць лёсу, рабіць дабро людзям. Сёння мы жывем у няпростых палітычных умовах, становішча ў свеце вельмі трывожыць. Людзям нельга забывацца пра мінулыя войны, і асабліва пра Другую сусветную. Мы можам жыць і радавацца стабільнасці ў нашай дзяржаве, той міралюбівай палітыцы, якую праводзіць кіраўніцтва нашай дзяржавы на чале з Прэзідэнтам А.Р.Лукашэнкам. Асаблівым клопатам агорнуты ў нас ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, тыя, каму давялося перажыць гады ліхалецця. Без памяці аб мінулым няма будучыні. Цяперашнія і наступныя пакаленні павінны берагчы і сваю Радзіму, і наогул гэты крохкі мір. За яго на планеце заплачана вельмі высокая цана, і гэта не павінна паўтарыцца!..

Аляксандр ХАХЛОЎ.  

Последние новости

Ваше здоровье

Сахарный диабет и его профилактика

28 ноября 2024
Читать новость
Общество

Опасный карантинный сорняк

28 ноября 2024
Читать новость
В стране и мире

Лукашенко прибыл с рабочим визитом в Казахстан на саммит ОДКБ

27 ноября 2024
Читать новость
Профилактика и безопасность

Профилактика краж велосипедов

27 ноября 2024
Читать новость
Профилактика и безопасность

Осторожно! Мошенники представляются операторами сотовой связи

27 ноября 2024
Читать новость
Общество

С 14 ноября 2024 года запущен республиканский социальный проект по поддержке спорта и здорового образа жизни «Супер либеро»

27 ноября 2024
Читать новость