Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў Уладзімір Шырокі з Валосавіч успамінае гады ваеннай маладосці
Чалавечая памяць непадуладная часу. Можна нешта часткова забыць, можна не ўспомніць якіясьці імёны, пэўных людзей альбо моманты, але выкрэсліць найбольш яркія эпізоды жыцця з памяці немагчыма. Асабліва, на жаль, тыя, якія і хацелася б ніколі не ўспамінаць, якія звязаны са страхам і хваляваннямі, з болем і стратамі, з блізкімі подыхамі смерці і тугой па Радзіме.
Чужая вайна… Менавіта гэтае спалучэнне слоў, бадай, найперш прыходзіць на розум, калі гаворка заходзіць пра ваенныя дзеянні Савецкай Арміі ў Афганістане. Воіны-афганцы выконвалі свой абавязак і засталіся вернымі вайсковай прысязе.
Больш, чым на тры дзясяткі год аддалілася афганская вайна ў жыцці воіна-інтэрнацыяналіста Уладзіміра Шырокага з Валосавіч. Але і сёння воляй-няволяй у памяці былога вайскоўца-дэсантніка ўсплываюць тыя незабыўныя эпізоды далёкай армейскай юнасці. “Гарачыя” эпізоды…
Б адай, не было і няма
хлопчыка, які б у дзяцінстве не гуляў у вайну, не страляў з цацачнага аўтамата, не “браў у палон” свайго гарэзу-равесніка. Валодзя Шырокі — не выключэнне. Шмат у валосавіцкага хлопца і яго сяброў па Мышкавіцкай школе было такіх вось “баявых” аперацый. Але ці думаў тады падлетак, што давядзецца яму ўдзель-нічаць у самых сапраўдных ваенных паходах… Служыць Уладзіміру хацелася. Як і большасці юнакоў яго пакалення: фраза “які ты мужчына, калі не служыў?” была вельмі актуальнай. А таму, калі атрымаў павестку ў красавіку 1984-га, і потым, на прызыўным пункце, калі даведаўся, дзе будзе служыць, быў нават рады: высокага, статнага, фізічна развітага, яго накіравалі ў эліту Узброеных Сіл — паветрана-дэсантныя войскі. Ужо і набытыя ў тагачасным Кіраўскім СПТВ-66 спецыяльнасці меліся, заўсёды запатрабаваная ў арміі: вадзіцель, трактарыст-машыніст, слесар. Так што служыць ішоў з упэўненасцю. Ды і сябра-зямляк Мікалай Клімовіч з Цясы прызываўся разам. Свой побач — усё “весялей”!..
Забягаючы наперад, адзначым, што з Мікалаем Клімовічам давядзецца прайсці Уладзіміру Шырокаму практычна ўвесь армейскі шлях. І тое, што наперадзе хлопцаў чакае Афган, яны пачалі здагадвацца ужо ў “вучэбцы” ў Фергане. Адкрытым тэкстам пра будучыя баявыя дзеянні ў суседняй з Савецкім Саюзам дзяржаве, дзе ўжо некалькі гадоў ваявалі з душманамі нашы салдаты, не гаварыў навабранцам ніхто. Але ці цяжка гэта было ўявіць, калі ў сярэднеазіяцкай Фергане ўсе прыродныя ўмовы абсалютна “афганскія”…
А праз тры месяцы ў
саставе артдывізіёна 56-й дэсантна-штурмавой брыгады Шырокі і Клімовіч апынуліся ў афганскай правінцыі Гартэз. На першым годзе службы Уладзімір спасцігаў тонкасці радыётэлефоннай сувязі. А на другім — спатрэбіліся і вадзіцельскія навыкі. Толькі ўпраўляць трэба было баявой машынай рэактыўнай артылерыі. За кабінай у кузаве — не проста ўзбраенне: 12 трохмятровых снарадаў — легендарная сістэма “Град”, толькі ад упамінання аб якой у душманаў пачыналася паніка. Адзін залп устаноўкі — і на 2-3 гектарах “пераараная” зямля!.. У батарэі, дзе служыў Шырокі, было 5 такіх машын. Звычайна дзей-нічалі па наладжаным ужо прынцыпе: разам з групай пехоты на так званыя “зачысткі” пэўных раёнаў, у баявую разведку ад-праўляліся салдаты-напраўляючыя. Часта здаралася, што групы натыкаліся на засады маджахедаў. Вось тады многае залежала ад умелых, хуткіх і дакладных дзеянняў напраўляючага. Ён карэкціраваў вядзенне агню — перадаваў каардынаты знаходжання групы баевікоў. І ў дзеянне ўступалі ўстаноўкі “Град”. На жаль, напраўляючыя разам з пехацінцамі і знаходзіліся на самым вастрыні рызыкі. Толькі за першы год службы, як успа-мінае Уладзімір Шырокі, загінула чацвёра баявых таварышаў з яго ўзвода…
За доўгую службу (2 гады і 1 месяц, не лічачы “вучэбкі”) Уладзімір Шырокі ў ходзе разнастайных баявых выхадаў скалясіў бадай што ўвесь Афганістан. Асабліва памятнымі для былога воіна засталіся заданні, звязаныя з неаднаразовымі выездамі “туды-назад” праз стаўшы потым памятным мост праз раку Амудар’я непадалёку ад узбекскага горада Тэрмез на савецка-афган-скай мяжы. Менавіта праз гэты “Мост дружбы” па-кідалі афганскую зямлю савецкія салдаты ў памятным 1989-м. А дагэтуль машыны адпраўля-ліся па ім за правізіяй і бое-прыпасамі. Даволі часта на гэтым шляху нашы калоны натыкаліся на абстрэлы душманаў. Назаўсёды ў памяці героя гэтых радкоў застаўся прабіты капот яго “Урала”…
Але самога лёс мілаваў! Прымаючы ўдзел у баявых дзеяннях больш за два гады, не атрымаць ніводнага сур’ёзнага ранення — гэта можна назваць сапраўдным цудам. Раны, якія ўсё ж за-сталіся, хутчэй псіхалагічныя. І не менш глыбокія! Акрамя пастаяннага знаходжання ў стане баявого напружання, страты сяброў, значным выпрабаваннем для большасці савецкіх вайскоўцаў быў мясцовы клімат. У 60-градусную спёку літаральна немагчыма было дакрануцца да металічных дэталяў машыны. І калі калона запланавана спынялася на невялікія прывалы ды яшчэ непадалёк ад арыка, салдатам цяжка было ўтрымацца, каб нават у абмундзіраванні не акунуцца ў ваду. Хоць гэта было і небяспечна — у любым месцы маглі знаходзіцца ворагі. А праз 5 мінут форма была ўжо сухая… Пра праблемы з вадой таксама казаць не даводзіцца: амаль 2,5 км над узроўнем мора гавораць самі за сябе… Узімку ж у гарыстай мясцовасці Афганістана і марозы даймалі значныя.
Горы Афгана таксама назаўсёды засталіся ў памяці. Не толькі іх небяспечнасць, але і прыродная прыгажосць. Хлопца з “зямлі пад белымі крыламі”, які ніколі не быў у гарыстай мясцовасці, ужо ў першыя дні службы прырода моцна ўразіла. Але як жа потым хацелася абняць беларускую бярозку, як хацелася хутчэй атрымаць вестку з далёкага дома, як хацелася прытуліцца да родных і, нібыта ў дзяцінстве, павудзіць у роднай Але!..
Н арэшце ў жніўні
1986-га прыйшоў доўгачаканы “дэмбель”. Былы салдат вярнуўся ў родныя Валосавічы. Стаў, як і да арміі, сумленна працаваць у “Рассвеце” — цяпер ужо з мірнай тэхнікай, на мірнай зямлі.
2 жніўня — Дзень паветрана-дэсантных войскаў — адметны для Уладзіміра Шырокага не толькі як даніна павагі “блакітнай пехоце”. У гэты дзень, па меры магчымасцей, ён абавязкова імкнецца су-стрэцца з баявым таварышам Мікалаем Клімовічам, які зараз пражывае ў Бабруйску. Сябры ўспамінаюць дні суровай службы, таварышаў, якія вярнулісяся з Афгана, і тых, чые жыцці абарвала вайна на чужой зямлі. А яшчэ тое вайсковае братэрства, без якога не абысціся было ні на той, ні на любой з іншых войнаў. Прадстаўнікі самых розных народнасцей і нацыянальнасцей служылі побач. Усе стаялі плячо ў плячо. Кожны быў адзін аднаму як брат і абаранялі адзін аднаго, як браты…
І зараз Уладзімір Шырокі з малой радзімай не развітваецца, у якасці слесара па рамонце і абслугоўванні абсталявання шчыруе на малочна-таварным комплексе “Валосавічы”. Разам з жонкай Ірынай выхавалі траіх сыноў. Старэйшыя ўжо дарослыя, а вось меншы — дзевяцікласнік Юрый — пакрысе рыхтуецца да будучай вайсковай службы. Безумоўна, галоўны дарадчык — бацька-ветэран афганскай вайны. Для яго галоўнае, — каб сын таксама, як ён, заставаўся верным салдацкаму абавязку, строга выконваў загады камандзіраў, не хаваўся за спінамі таварышаў. Але каб ніколі пры гэтым не ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, а стаяў на варце мірных неба і зямлі толькі ў мірны час!..
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.