Садкоўцы напісалі пісьмо пра Беларусь
Выхаваўча-патрыятычнае мерапрыемства “Пісьмо пра Беларусь” з удзелам памочніка пракурора раёна Маргарыты ПІРОЖНІК прайшло для выхаванцаў дзіцячых садкоў “Вясёлка” аг.Мышкавічы і №2 г.Кіраўска, а таксама дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.
Загадчык дзіцячага садка “Вясёлка” Вераніка АСТАШОВА расказала, што ўдзел хлопчыкаў і дзяўчынак у такім мерапрыемстве выхоўвае ў іх пачуццё патрыятызму, любові да Радзімы, гонару за сваю краіну.
Рабяты з «Вясёлкі» ў гульнявой форме здзейснілі вандраванне па Беларусі. У інтэрактыўнай гульні «Адгадай сімвалы Беларусі» дзеці натхнённа расказвалі, чым адметныя дзяржаўныя сімвалы: сцяг, герб, гімн. Праз вершы, песні, загадкі, з дапамогай тэхнічных сродкаў навучання выхаванцы ўдасканальвалі і развівалі ўяўленні аб дзяржаўных і прыродных сімвалах Радзімы, нацыянальных стравах і адзенні. З мэтай замацавання нацыянальных традыцый садкоўцы ў складзе дзіцячага аркестра выканалі на музычных інструментах музыку з кампазіцыі “Бульба”. Успомнілі аб гераізме і подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ушанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых герояў, пазнаёміліся з бутаньеркай «Кветка Перамогі» і ўручылі ў якасці падарунка бутаньерку ручной работы Маргарыце Пірожнік. У фінале мерапрыемства ўсе яго ўдзельнікі арганізавалі флэшмоб пад песню “Пусть всегда будет солнце “.
У дзіцячым садку №2 г.Кіраўска ў рамках аналагічнага мерапрыемства дзятва і работнікі ўстановы выконвалі беларускія народныя танцы, спявалі песні і чыталі вершы на роднай мове.
Маргарыта Пірожнік расказала аб прафесіі пракурора, аб тым, якія важныя ролю і функцыі выконваюць работнікі гэтага ведамства для захавання парадку і бяспекі ў нашай краіне.
У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці малыя разам з выхавамнікам складалі пісьмо аб любімай Беларусі для дзяцей з іншых дзіцячых садоў розных краін свету. Для гэтага яны таксама здзейснілі незвычайнае падарожжа па нашай краіне і сабралі пра яе важныя і цікавыя звесткі.
Выхаванцы пазнаёміліся з цікавымі фактамі. Напрыклад, даведаліся аб тым, што Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь тройчы пабываў у космасе.
Нашу краіну часта называюць зямлёй пад белымі крыламі. Белы бусел – адзін з сімвалаў Беларусі. Яго крылы распасціраюцца над зямлёй, сімвалізуючы мір, дабро і каханне. Садкоўцы выканалі танец пад песню «Аист на крыше».
Маргарыта Пірожнік расказала дзецям пра ваенную гісторыю нашай Радзімы: «Шмат гора прынесла на беларускую зямлю Вялікая Айчынная вайна. Але яшчэ нікому не ўдавалася канчаткова знішчыць свабодалюбівых беларусаў. Мемарыял у Брэсцкай крэпасці, мемарыяльны знак «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў Борках і іншыя памятныя мясціны нагадваюць нам: «Людзі! Памятайце! Не дапусціце новай вайны!». Кожны год 9 мая мы адзначаем важнае свята –
Дзень Перамогі – каб памятаць, каб быць удзячнымі, каб берагчы мірнае неба над галавой».
Яўгенія БЯЛЬКО.
Матэрыял падрыхтаваны з удзелам пракуратуры Кіраўскага раёна.