З удзячнасцю за мір і спакой на зямлі
Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на Кіраўшчыне працягвалася ўрачыстае ўручэнне ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былым вязням фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, асобам, якія ўнеслі значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян Рэспублікі Беларусь, юбілейных медалёў “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
Паштоўкі з віншаваннямі ад імя кіраўніцтва аблвыканкама, райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, памятныя падарункі былі ўручаны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Рыгору Дзянісавічу Бравусаву і Тамары Максімаўне Звягінцавай, Галіне Міхайлаўне Бураковай, узнагароджанай знакам “Жыхар блакаднага Ленінграда”, поўнаму кавалеру ордэна Працоўнай Славы, ганароваму грамадзяніну раёна Людміле Нічыпараўне Палевіч.
Павіншаваць Рыгора Дзянісавіча Бравусава з 75-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямеца-фашыскіх захопнікаў, Днём Незалежнасці завіталі старшыня раённага савета ветэранаў Эма Карпук, старшыні раённых арганізацый РГА “Белая Русь” і “Беларускі фонд міру” Васіль Маркевіч і Вольга Гаршкова, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, уваходзячых у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, Алена Глекава.
У адрас паважанага ветэрана прагучалі словы ўдзячнасці за мірнае неба, за свабодную і квітнеючую Беларусь. У гады вайны, нягледзячы на юны ўзрост, у саставе 475-га мінамётнага палка Рыгор Дзянісавіч прымаў удзел у вызваленні роднай Беларусі ад ворага. Затым былі баі за вызваленне Польшчы, Усходняй Прусіі, узяцце Кёнігсберга. Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне Р.Д.Бравусаў сустрэў у Берліне, 17-гадовым юнаком, але мужным і бясстрашным салдатам.
Ратны шлях ветэрана адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Рыгор Бравусаў з’яўляецца кавалерам ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені, на яго грудзях ззяюць медалі “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945”, “За ўзяцце горада Хайлінгенбаль” (Усходняя Прусія).
Свой мірны жыццёвы шлях Р.Д.Бравусаў прысвяціў службе ў органах унутраных спраў, абараняючы спакой беларусаў.
Шчырыя словы віншаванняў адрасаваў ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Тамары Максімаўне Звягінцавай намеснік старшыні райвыканкама Вячаслаў Нявінскі, які выканаў урачыстую місію — ўручыў жанчыне юбілейны медаль, віншавальныя паштоўкі і памятны падарунак.
На долю Тамары Максімаўны ў гады вайны выпала нямала выпрабаванняў: прайшла яна праз канцлагер пад Кёнігсбергам, у 14 гадоў стала санітаркай у эвакашпіталі, дзе праходзілі лячэнне байцы Чырвонай Арміі.
Перамогу Тамара Максімаўна сустрэла ў Каўнасе, дзе на той час размяшчаўся шпіталь. Але трапіць дадому адразу ёй не ўдалося: разам з іншымі работнікамі дзяўчыну накіравалі ў Японію, дзе яшчэ ішлі баі. На Далёкім Усходзе Тамара прабыла яшчэ тры месяцы.
Ваенныя заслугі Т.М.Звягінцавай адзначаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй”.
Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Лянкевіч і намеснік дырэктара РЦСАН Наталля Крылова завіталі з віншаваннямі і падарункамі да Галіны Міхайлаўны Бураковай, узнагароджанай знакам “Жыхар блакаднага Ленінграда”. Уручаючы юбілейны медаль “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, госці пажадалі ёй здароўя і дабрабыту, цеплыні і любові ад родных людзей.
Голад і холад, смерць знаёмых і родных давялося перажыць у дзяцінстве Г.М.Бураковай. Жанчына і дагэтуль памятае, якое гэта шчасце было для жыхароў блакаднага Ленінграда трымаць у руках кавалачак хлеба. Горад не здаўся ворагу, народ гераічна выстаяў, але ў сэрцы кожнага з таго часу засталася незагойная рана.
Віншаванні, юбілейны медаль і падарунак у гэты дзень прымала і Людміла Нічыпараўна Палевіч.
Таццяна Бяляўская выказала ў яе адрас шчырыя словы віншаванняў і пажаданняў здароўя, а самае галоўнае — спакою ў душы ад усведамлення таго, што яна сваёй працавітасцю і адданасцю абранай прафесіі ўнесла часцінку ў агульную справу развіцця калгаса “Рассвет” і паляпшэння дабрабыту яго працаўнікоў.
ФотаНаталлі ХАДАКОВАЙ, Людмілы СЯМЁНАВАЙ, Максіма МІКЕШЫНА.