Лідар захаваў пазіцыю
У другім туры 11-й спартакіяды работнікаў адукацыі раёна выяўляліся мацнейшыя ў трох відах — стральбе з пнеўматычнай зброі, шахматах і настольным тэнісе. 11 каманд з навучальных устаноў зноў мераліся сіламі на базе СШ №1 райцэнтра.
У спаборніцтвах стралкоў, дзякуючы трапным выстралам Валерыя Вароніча і Алены Басак, якія ў асабістым першынстве занялі адпаведна першае і другое месцы, аульнакамандная перамога дасталася Паўлавіцкай СШ. Галіна Вінаградава з ДЮСШ, якая першынствавала сярод жанчын-стралкоў, вывела сваю зборную ў гэтым відзе на другое месца. Трэцяе агульнакаманднае месца заняла каманда Пацава-Слабадской школы, чаму садзейнічала меткая стральба Анатоля Бэндзера, які заняў другое месца, і Наталлі Хахловай, якая стала трэцяй. Адзначым таксама трэцяе месца ў асабістым першынстве Юрыя Сафронава з СШ №1.
Сярод шахматыстаў камандныя прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — Баравіцкая СШ, другое — СШ №1, трэцяе — Дабаснянская СШ. У асабістым заліку першыя, другія і трэція месцы занялі адпаведна: у мужчын — Барыс Гаўрыленка (СШ №1), Уладзімір Суравец (Баравіцкая СШ), Сяргей Цвірко (ДЮСШ); у жанчын — Ганна Карасёва (Баравіцкая СШ), Алена Данілава (Чыгірынская СШ), Ларыса Шпакоўская (Пацава-Слабадская ДСБШ).
З азартам змагаліся аматары тэніснай ракеткі. У мужчын зноў свой высокі клас паказаў выкладчык фізвыхавання Пацава-Слабадской школы Анатоль Бэндзер, які стаў пераможцам. Праўда, не без цяжкасцей яму ўдалося выйграць у прадстаўніка гімназіі горада Аляксандра Бяляўскага, які стаў адпаведна другім. Трэцяе месца дасталося Сяргею Цвірко з каманды ДЮСШ. У тэнісістак перамогу святкавала прадстаўніца ДЮСШ Інэса Комар, другое і трэцяе месцы заваявалі адпаведна Тамара Гарбачова з гімназіі горада і Зоя Бараноўская з Барчыцкай СШ.
Такім чынам, лідары першага тура — прадстаўнікі ДЮСШ — умацавалі свае пазіцыі. Другую прыступку п’едэсталу, таксама, як і пасля першага тура, утрымліваюць спартсмены-аматары з Паўлавіцкай школы. А вось на трэцяе месца з шостага ўзнялася каманда гімназіі.
Наступны запланаваны від спартакіяды — лыжныя гонкі.
Ніна КАРАЛЁВА,
старшыня райкама прафсаюза
работнікаў адукацыі.