Першае месца — у “Рассвета”

Штогод адзначаемаму ў верасні Дню міру прысвячаецца шэраг разнастайных мерапрыемстваў, у тым ліку — спартыўныя.
У межах Тыдня міру на базе СШ№1 прайшлі раённыя спаборніцтвы па летнім мнагаборстве комплексу “Здароўе” сярод працоўных калектываў.
Па словах начальніка аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Сяргея Гаўрылава, галоўныя мэты правядзення мерапрыемства — павелічэнне эфектыўнасці фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы з насельніцтвам, развіццё яго фізічнай падрыхтоўкі, вызначэнне мацнейшых мнагаборцаў раёна для ўдзелу ў абласных спаборніцтвах, папулярызацыя здаровага ладу жыцця.
Пачаліся спаборніцтвы з урачыстага пастраення каманд-удзельніц. Вітаў іх, жадаў поспеху і настрою на перамогу Міхаіл Уніятаў, начальнік раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.
Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 9 каманд пяці ўзроставых груп ад 16 да 55 гадоў і старэй.
Удзельнікі спаборнічалі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, сілавой гімнастыцы (мужчыны — падцягванні, жанчыны — адцісканні ад гімнастычнай лавы), скачках у даўжыню і бегу.
Каманднае першынство вызначалася па выніках усіх членаў каманды на розных этапах мнагаборства. Абсалютным пераможцам стала каманда СВК “Рассвет” імя К. П. Арлоўскага, якая і была ўзнагароджана кубкам і дыпломам першай ступені. Дыпломы другой і трэцяй ступені атрымалі адпаведна каманды Жыліцкага сельгаскаледжа і СВК “Добасна-агра”.
У асабістым першынстве сярод жанчын пераможцамі сталі Вера Каліноўская (Жыліцкі сельгаскаледж), Вера Гаўрылава (СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага), Ірына Северцава (ліцэй №15), сярод мужчын — Яўген Пішчалін, Іван Пархамовіч, Мікалай Пархамовіч — усе прадстаўнікі каманды “Рассвета”. Пераможцы ўзнагароджаны медалямі і дыпломамі адпаведных ступеняў.
Наталія ПЕЧАНЬ,
студэнтка 2 курса
МДУ імя А. А. Куляшова.
Фота
Дзмітрыя
ЕМЯЛЬЯНАВА.