Праца і спорт — разам!
I-я зімовая абласная спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу Магілёўшчыны прайшла ў Горках, якія летась былі сталіцай рэспубліканскіх “Дажынак”. Вызначылася яна высокай арганізацыяй і масавасцю ўдзельнікаў: 27 каманд з усіх раёнаў, а таксама аграпрамысловых аб’яднанняў вобласці прынялі ўдзел у спаборніцтвах па 10-ці відах спорту: плаванні, шашках, валейболе, лыжнай эстафеце, лыжных гонках, настольным тэнісе, стральбе з пнеўматычнай зброі, гіравым спорце, дартсе, перацягванні каната.
Свае спартыўныя здольнасці прадстаўнікі рэгіёнаў дэманстравалі на аб’ектах, адрамантаваных і ўзведзеных у Горках да фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013”: на новай лядовай арэне, у спартыўных залах Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, тэрыторыі каля Верхняга возера.
У спаборніцтвах прыняла ўдзел і дружная каманда нашага раёна ў саставе прадстаўнікоў калектываў фізкультуры СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, Жыліцкага сельгаскаледжа, СВК “Калгас “Свярдлова” і “Беларусь”, ААТ “Кіраўск-Лён” і інш. Прысутнічалі і прадстаўнікі райсельгасхарчу на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандрам Осіпавым, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў.
На спаборніцтвах панавала сяброўская атмасфера. Іх удзельнікі паказалі, што яны ўмеюць не толькі добра працаваць у сельскагаспадарчай галіне, але і знаходзяць час для заняткаў фізкультурай і спортам.
Урачыстым было адкрыццё спартакіяды. Прысутных павіншаваў і пажадаў спартыўных поспехаў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Алег Чыкіда.
Можна сказаць, удала выступіла каманда з нашага раёна. Толькі крыху не хапіла ў агульнакамандным заліку кіраўчанам, каб ступіць на п’едэстал гонару: у нас — чацвёртае месца ўслед за камандамі Горацкага, Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў.
Другое каманднае месца ў кіраўскай каманды было ў гіравым спорце, трэцяе — у перацягванні каната і настольным тэнісе.
Ёсць пераможцы і прызёры і ў асабістым заліку. Так, Інэса Комар стала першай у дартсе. У спаборніцтвах гіравікоў у вагавай катэгорыі звыш 90 кг першынстваваў работнік ААТ “Кіраўск-Лён” Васіль Сямёнаў, а ў вагавай катэгорыі да 90 кг Віктар Бялянаў з СВК “Калгас “Беларусь” быў другім.
А ў цэлым наша каманда выступала дружна і зладжана ва ўсіх 10 відах спаборніцтваў.
Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прызамі.
Хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць за спонсарскую дапамогу ў дастаўцы нашай каманды, знаходжанні яе ў Горках кіраўніцтву СВК “Калгас “Беларусь”, “Чырвоны баец”.
Па заканчэнні спаборніцтваў была дадзена высокая адзнака іх арганізацыі. Прысутных праінфармавалі арганізатары, а гэта камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, абкам прафсаюза работнікаў АПК, абласны фізкультурна-спартыўны клуб “Ураджай”, што добрае пачынанне будзе прадоўжана, і летняя спартакіяда работнікаў АПК вобласці пройдзе на базе Кіраўскага раёна. Гэта ганарова, але і накладае на нас высокую адказнасць у падрыхтоўцы і правядзенні спаборніцтваў.