«Здаровы лад жыцця —гэта здорава!»
На такую тэму на базе Баравіцкай сельскай бібліятэкі было праведзена цікавае мерапрыемства, прымеркаванае да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам. Яго арганізавалі загадчыца М.У.Жураўлёва, дырэктар мясцовага СДК Т.К.Клімовіч, сацыяльны работнік А.М.Шэрстабаева.
Прысутным быў прадэманстраваны відэафільм “СНІД — востраў болю і адзіноты”. Адразу ж пасля прагляду пачалося яго абмеркаванне. Па тым, як ішла размова, было бачна, што гэта тэма хвалюе многіх: як людзей старэйшага пакалення, так і моладзь. Ніхто не застаўся раўнадушным да праблем захварэўшых на СНІД, асабліва юнакі і дзяўчаты, яны ўголас выказваліся ў іх абарону. “Нельга пакідаць такіх людзей сам-насам з бядой”, “У нашых сілах дапамагчы ім справіцца з нядугам”, “Многія з іх не вінаватыя ў тым, што сталі ВІЧ-інфіцыраванымі, таму адварочвацца ад іх нельга”— гэта толькі некалькі выказванняў, якія прагучалі з вуснаў нашых маладых людзей.
Мы, сталыя людзі, вельмі ўдзячныя арганізатарам за запрашэнне на мерапрыемства. Мы таксама выказалі сваю думку наконт чумы ХХ стагоддзя. Засталіся задаволеныя падрастаючым пакаленнем: на наш погляд, яны правільна думаюць і не саромеюцца дзяліцца сваімі меркаваннямі.
Людміла ГАЎРЫЛЬЧЫК,
жыхарка в.Баравіца.