Аграрны сектар падвёў вынікі

У сельгасарганізацыях Кіраўскага раёна прайшлі ўрачыстыя сходы, прысвечаныя падвядзенню вынікаў работы за 2024 год. Лепшых працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны адзначылі заслужанымі ўзнагародамі за ўклад у развіццё аграрнага сектара рэгіёна.

На мерапрыемстве ў КСУП “Жылічы” прысутнічалі першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Дарожкін, галоўны бухгалтар райкама прафсаюза работнікаў АПК Ларыса Ярковіч, ветэраны працы.
Дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Пятроў расказаў аб выніках дзейнасці гаспадаркі за мінулы год. Калектыў зарабіў 8,8 мільёна рублёў выручкі, што складае 119,8% да ўзроўню папярэдняга года. Асноўны даход прынёс сектар жывёлагадоўлі, асабліва рэалізацыя малочнай прадукцыі – 74% агульнай сумы. Тэмп росту валавога прадукту сельскай гаспадаркі склаў 111,4 %, што крыху ўступае плану.
Важным дасягненнем стала павелічэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы – 104,1%, што дало магчымасць давесці агульную колькасць жывёлы да 2819, уключаючы 935 галоў малочнага статка. Атрымана 4825 тон малака, што перавышае паказчык мінулага года на 13,8%, пры сярэднім удоі малака на адну карову 5249 кілаграмаў (рост – 12,6%).
Разам са станоўчымі вынікамі, былі агучаны некаторыя негатыўныя тэндэнцыі, такія як павелічэнне колькасці выбыўшай жывёлы і перарасход кармоў, што патрабуе ўвагі кіраўніцтва прадпрыемства.
Працаўнікамі КСУП “Жылічы” была сабрана 3281 тона збожжавых і зернебабовых культур, што адпавядае росту на 3,4%. Ураджай рапсу склаў 547 тон, перавысіўшы леташні паказчык на 19%. Разам з тым, збор цукровых буракоў аказаўся крыху ніжэйшым чым у 2023 годзе.
Вялікія надзеі ў гаспадарцы на новы малочнатаварны комплекс на 600 галоў дойнага статка, які быў уведзены ў эксплуатацыю ў лістападзе мінулага года. Гэты інвестыцыйны праект накіраваны на павышэнне якасці і колькасці прадукцыі, што дасць магчымасць значна ўмацаваць фінансавае становішча прадпрыемства.

Сяргей Дарожкін, звяртаючыся да працаўнікоў, падкрэсліў, што дасягнутыя вынікі дастойны пахвалы, аднак калектыў здольны на большае. У сельгаспрадпрыемства ёсць нядрэнны патэнцыял, і трэба прыкласці максімум намаганняў, каб яго рэалізаваць. Ён заклікаў работнікаў імкнуцца да новых працоўных вышыняў, каб палепшыць дабрабыт арганізацыі, асабісты дастатак працаўнікоў.
Сярод узнагароджаных Ганаровымі граматамі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама – трактарысты-машыністы Сяргей Міхнёў і Раман Канавалаў, аператар машыннага даення Святлана Скрыпунова. Іх заслугі сталі яскравым прыкладам адданасці справе і прафесіяналізму.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара
і Алесі Багданавай.