Аграрны сектар падвёў вынікі

У сельгасарганізацыях Кіраўскага раёна прайшлі ўрачыстыя сходы, прысвечаныя падвядзенню вынікаў работы за 2024 год. Лепшых працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны адзначылі заслужанымі ўзнагародамі за ўклад у развіццё аграрнага сектара рэгіёна.
Рассветаўцаў з паспяховым завяршэннем 2024 года павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Русецкая. Яна выказала працаўнікам сельгаставарыства падзяку за высокі прафесіяналізм і неацэнны ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу рэгіёна. Падкрэсліла, што такія вынікі сталі магчымымі дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву, а таксама ўкараненню інавацыйных тэхналогій і эфектыўнаму кіраванню. Таццяна Міхайлаўна засяродзіла ўвагу на важнасці далейшага развіцця гаспадаркі і выказала ўпэўненасць у тым, што “Рассвет” будзе і надалей паказваць стабільна высокія вынікі.

Падзякі Кіраўскага раённага выканаўчага камітэта былі ўдастоены трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці Леанід Чыкулаеў і аграном па абароне раслін Аляксандр Сібіракоў. Ганаровыя граматы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама атрымалі: трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці Аляксандр Міхалап, аграном-тэхнолаг Святлана Куцянкова і трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці Сяргей Міхалап.
У сваёй справаздачы дырэктар ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Аляксандр Багель распавёў пра дасягненні сельгаставарыства за мінулы год. Ён адзначыў, што калектыў прадэманстраваў высокія вынікі, забяспечыўшы рост вытворчасці і паляпшэнне якасці прадукцыі. Таварыства шматгаліновае, найбольшую ўдзельную вагу ў яго эканоміцы складае сельскагаспадарчая вытворчасць – 93,3%. Аляксандр Іванавіч спыніўся на паказчыках ва ўсіх галінах, адзначыўшы, што агульны аб’ём выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, выкананых работ і аказаных паслуг за мінулы год склаў 72 млн 767 тыс. руб., або 116,4% да ўзроўню 2023 года. Прыбытку атрымана 3 млн 123 тыс.
Па словах дырэктара, найбольш прыбытковай сферай з’яўляецца жывёлагадоўля, асабліва вытворчасць малака, якая займае лідзіруючую пазіцыю сярод усіх сельскагаспадарчых напрамкаў. Атрыманне малака – гэта асноўная крыніца стабільнага даходу для гаспадаркі. Прыбытак ад яго рэалізацыі ў 2024 годзе склаў 9 млн 889 тыс. руб., пры рэнтабельнасці 53%. У гаспадарцы налічвалася 2940 галоў дойнага статка пры агульнай колькасці пагалоўя буйной рагатай жывёлы 9656. Было атрымана 27544 т малака, надой на 1 фуражную карову склаў 9221 кг. У бягучым годзе плануецца павялічыць гэтыя паказчыкі да 29481 т і 10007 кг адпаведна. Для атрымання такіх вынікаў жывёлы забяспечаны кармамі высокай якасці і ў дастатковай колькасці, а таксама створаны камфортныя ўмовы для іх утрымання.
Добра спрацавала сельгаставарыства ў сферы раслінаводства: дасягнуты высокія паказчыкі ў вытворчасці збожжа, рапсу, цукровых буракоў, бульбы, гародніны адкрытага грунту. Нягледзячы на захаванне ўсіх агратэхнічных нормаў і правілаў, умовы надвор’я не дазволілі атрымаць запланаваныя аб’ёмы пладоў і ягад.
Сума інвестыцый у асноўны капітал гаспадаркі за справаздачны перыяд склала 8 млн 859 тыс., руб. у тым ліку будаўніча-мантажныя работы – 695 тыс. руб.
Галоўным напрамкам работы на бягучы год з’яўляецца павелічэнне аб’ёмаў якаснай таварнай прадукцыі. Неабходна забяспечыць вытворчасць валавой прадукцыі 105,5%.
Аляксандр Багель нагадаў, што ў “Рассвеце” працуе 799 чалавек, і ўся работа тут накіравана на паляпшэнне умоў іх працы і дабрабыту. Сярэднямесячная заработная плата за 2024 год склала 1804,2 руб. (120,1% да аналагічнага перыяду 2023 года). Ён падкрэсліў, што пры плённай працы і строгім захаванні працоўнай дысцыпліны гэты паказчык будзе расці.
Прафсаюзныя ўзнагароды рассветаўцам уручылі старшыня Кіраўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Віктар Ставер і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Святлана Акуліч.

Звяртаючыся са словамі падзякі да прысутных, Віктар Ставер адзначыў: “Ваша праца неацэнная. Вашы дасягненні дазваляюць забяспечыць харчовую бяспеку краіны. Вы даказалі, што можаце добра працаваць. У вас ёсць перспектыва развіцця, бо вы не стаіце на месцы, вы будуеце, укладваеце вялікія сродкі ў развіццё”. Віктар Паўлавіч падкрэсліў, што самае каштоўнае, што ёсць у гаспадарцы, – гэта людзі. Ён выказаў словы падзякі ветэранам, якія стварылі школу “Рассвета”.
У ліку ўзнагароджаных – першы намеснік дырэктара сельгаставарыства Аляксандр Жылінскі і аператар машыннага даення Галіна Лёгкая, якія за шматгадовую добрасумленную працу, папулярызацыю прафсаюзнага руху атрымалі нагрудныя знакі Кіраўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі “За добрасумленую працу”.
Шэраг работнікаў атрымалі ўзнагароды таварыства. Акрамя грамат, падзяк і каштоўных падарункаў, 21 работніку за кошт сродкаў прадпрыемства выдзелены пуцёўкі ў санаторый імя К.П.Арлоўскага. Гэта пацвярджае клопат кіраўніцтва аб працаўніках. Падарункі ад сельгаставарыства атрымалі і ветэраны працы.
Галіна РУСЕЦКАЯ.
Фота аўтара і Алесі БАГДАНАВАЙ.