Цяплічны агурковы рай
Без перабольшвання “знакамітымі” цяпліцы ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” сталі два гады таму, калі ў інтэрнэт-прасторы з’явіліся сотні фота і відэаматэрыялаў пра незвычайную на той час з’яву – яркае зарыва высока ў небе, якое маглі назіраць не толькі жыхары Кіраўскага раёна, а нават і суседніх. У чым справа, высветлілі хутка: крыніцай светлавога шоу кожную ноч, пачынаючы з кастрычніка, становіцца цяплічны рассветаўскі камбінат. Аднак галоўная карысць гэтага прыгожага відовішча – у магчымасці вырошчвання святлакультур, менавіта агуркоў. Першыя спробы работы па дадзенай тэхналогіі, калі расліны растуць і даюць плады ў асенне-зімовы перыяд, рассветаўскія агароднікі апрабавалі ў 2023 годзе. Усё задуманае атрымалася, і зараз тэхналогія ўжо абкатаная і прыносіць свой плён. У сярэдзіне лістапада рассветаўцы прапануюць пакупнікам натуральныя свежыя зелянцы, прычым па даволі даступнай цане. Агуркі айчыннай вытворчасці рэалізуюцца праз гандлёвыя кропкі сельгаставарыства, якія размешчаны ў нашым раёне, а таксама ў Бабруйску і Магілёве. З задавальненнем набываюць прадукцыю мясцовых агароднікаў і аптовыя пакупнікі, бо ўпэўнены ў яе якасці.
Як расказала аграном цяплічнага камбіната Таццяна Стэльмах, сёлета агуркі займаюць плошчу ў 1,5 га. Рассаду гатунку “мева” высадзілі яшчэ ў пачатку кастрычніка і літаральна праз паўтара месяца атрымалі першую прадукцыю. Дарэчы, гэты гатунак добра сябе зарэкамендаваў, ён высокаўраджайны, самаапыляльны і прызначаны для вырошчвання ў закрытым грунце ў перыяд зімова-вясновага абароту. Зараз з кожнага квадратнага метра расветаўскія плодаагароднікі атрымліваюць у сярэднім па 20 кг агуркоў.
– Вырошчванне агуркоў – справа даволі працаёмістая, – адзначыла Таццяна Стэльмах. – Гэтая культура вельмі патрабавальная да многіх фактараў. Адны з галоўных – цяпло, святло і вільготнасць. Ацяпленне памяшкання з раслінамі ажыццяўляецца праз выкарыстанне электрычнасці і газу: сёлетняя цёплая зіма дазваляе значна эканоміць гэтыя рэсурсы. Праз выкарыстанне дасветкі раслін з дапамогай больш 3 тысяч лямпачак павялічваем працягласць светлавога дня, чым забяспечваем агуркі святлом, каб яны добра развіваліся. Вільготнасць таксама вельмі важны паказчык атрымання важкіх ураджаяў. Агуркі вельмі любяць ваду, але высокая вільготнасць прыводзіць да хуткага развіцця хвароб. Кантраляваць усе гэтыя працэсы дазваляе камп’ютарная праграма, у якую заносяцца ўсе неабходныя паказчыкі. У кожным аддзяленні вісяць спецыяльныя датчыкі, якія праводзяць кругласутачны маніторынг тэмпературы і вільготнасці, а дадзеныя перадаюцца на манітор спецыяліста. Калі, напрыклад, бачым, што вільготнасць высокая, адкрываем верхнія фортачкі, калі няма магчымасці гэтага зрабіць (ідзе дождж ці снег), тады павялічваем ацяпленне, падсушваем паветра.
Спрыяльныя ўмовы для раслін ствараюць і камфортнае асяроддзе для з’яўлення і развіцця рознага роду шкоднікаў, якія могуць прынесці нямала праблем. Яны здольныя літаральна за некалькі дзён знішчыць увесь ураджай. Пры неабходнасці барацьбу з насякомымі рассветаўцы вядуць толькі біялагічнымі метадамі, каб прадукцыя заставалася бяспечнай і карыснай для спажыўцоў.
Па словах спецыяліста, існуюць некалькі асноўных правілаў для атрымання высокага і якаснага ўраджаю. Усе яны аднолькавыя па важнасці, недапрацоўка хаця б аднаго з іх цягне за сабой страту здароўя раслін і ўраджаю ў цэлым. Першы – догляд за раслінамі. Тут пераважае чалавечы фактар, таму ўраджай залежыць ад таго, як агароднікі прышчыпваюць агуркі, прыбіраюць старое лісце, кантралююць стан ліяны. Другі – харчаванне раслін. І тут на першым месцы адносіны чалавека да сваёй справы. Трэці і чацвёрты – стварэнне належнага клімату і абарона раслін, і зноў многае залежыць ад працаўнікоў.
Доглядам за раслінамі займаюцца 14 чалавек, у сярэднім штодзённа на кожнага агародніка прыходзіцца каля 10 сотак ці 3360 раслін. Працуюць жанчыны ў асноўным парамі, бо шмат работы праводзіцца на вышыні, а бяспека людзей – на першым месцы. Акрамя таго, кожная ліяна агурка вырастае ў сярэднім да 20 метраў, таму аднаму цяжка падняць на вышыню такога гіганта, абвешанага зелянцамі.
Як адзначыла Таццяна Стэльмах, калектыў цяплічнага камбіната зладжаны і адказны. Многія працуюць ужо не адзін дзясятак гадоў. Аднак, як і ў любой справе ёсць тыя, каму ўдаецца дасягаць высокіх вытворчых паказчыкаў. Напрыклад зараз у лідарах па атрыманні высокага ўраджаю агуркоў звяно ў саставе Таццяны Лешчык і Валянціны Свірыд: з аднаго квадратнага метра працаўніцы атрымліваюць па 23 кг. Нядрэнныя вынікі ў Вольгі Філімонавай і Галіны Мішанавай, яны нарасцілі на кожным квадратным метры па 21,5 кг. Фактараў, якія ўплываюць на гэтыя паказчыкі, нямала, вядома ж, чалавечы ў першую чаргу. Расліны, як жывыя істоты, адчуваюць адносіны да іх. Калі даглядаць іх абыяк, ніколі не будзе аддачы.
Работа плодаагародніка даволі няпростая. Гэта зараз, калі на вуліцы халоднае і сырое надвор’е, у цяпліцах камфортна і цёпла. А вось у летнюю спякоту справа зусім іншая: рабочы дзень даводзіцца пачынаць рана, каб у максімальна высокую тэмпературу адпачыць. Але нямногіх палохаюць такія ўмовы, людзі працуюць тут на працягу многіх гадоў і любяць справу, якой займаюцца.
Зараз рассветаўскія агароднікі паралельна працуюць над вырошчваннем расады памідор. На бягучым тыдні падрошчаныя расліны “пераедуць” з расаднага аддзялення ў блок, на плошчу, дзе і будуць вырошчвацца да атрымання ўраджаю. Памідоры займуць паўтара гектара. Вырошчвацца расліны будуць пры натуральным святле, без выкарыстання дасветкі.
Сёлета рассветаўскія цяплічнікі парадуюць пакупнікоў гатункам памідор – “ксантэра”. Пэўны час яны праводзілі сортавыпрабаванне гэтага віду таматаў, і ён сябе добра зарэкамендаваў па многіх паказчыках. Таму і вырашылі перайсці на яго вырошчванне.
Кіпіць работа ў цяплічным камбінате “Рассвета”, працягваюць агароднікі збор агуркоў, клапоцяцца пра расаду памідор – усё дзеля таго, каб на сталах спажыўцоў была свежая, смачная і карысная прадукцыя.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара і БЕЛТА.