Вясна паклікала ў поле

Ранняя і цёплая вясна ўнесла свае карэктывы ў правядзенне веснавых палявых работ, таму і даводзіцца працаўнікам палёў трымаць руку на пульсе: паспяваць рабіць усё хутка і якасна. У раёне вядуцца работы па вывазцы і ўнясенні арганічных угнаенняў, узворванні глебы, падкормцы азімых, закрыцці вільгаці. Некаторыя сельгасарганізацыі вядуць падсеў шматгадовых траў, вапнуюць глебу, выдаляюць старыя дрэвы былых пладовых садоў.

Актыўна прыступілі да веснавых палявых работ працаўнікі СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафта-прадукт”.
У сераду карэспандэнт “раёнкі” пабываў на палетках гаспадаркі і пацікавіўся ходам правядзення веснавой палявой кампаніі.
– Асноўны фронт работ зараз – вывазка і ўнясенне арганікі, – расказаў галоўны аграном сельгасфіліяла Юрый Смятана. – Паралельна на тых палетках, дзе ўнесена арганіка, праводзім дыскаванне глебы. На вывазцы і ўнясенні арганікі задзейнічаны Сяргей Чорны і Сяргей Брэндзікаў, па стане на 19 сакавіка палову з запланаванага ўжо вывезлі на палі і ўнеслі. На пагрузцы ўгнаенняў задзейнічаны Аляксандр Смалоўскі. Дыскуе запраўленую ўгнаеннямі глебу Дзмітрый Прасноў.
Не менш важная задача – падкормка азімых. Неспрыяльнае надвор’е ўзімку вельмі аслабіла расліны, таму неабходна як мага хутчэй даць ім дадатковую моц, каб яны пайшлі ў рост і ў хуткім часе закаласіліся тугімі зярняткамі.
На бягучым тыдні ў сельгасфіліял наведваліся вучоныя, якія абследавалі азімыя і далі заключэнне, што расліны добра перанеслі зіму, зараз галоўнае правільна і пад поўную патрэбу ўнесці неабходныя элементы для стымуляцыі росту. Чым у гаспадарцы і займаюцца.
Задзейнічаны на гэтых відах работ дзве “Расы”. Гэтыя манеўраныя агрэгаты на пнеўматычным хаду сваім белым колерам і доўгімі «крыламі» выдзяляюцца на зеляніне палеткаў. Сельгасмашыны хутка «бегаюць» па палях, нават праязджаюць там, дзе вельмі грузка і іншая тэхніка не праедзе, і робяць важную справу – падсілкоўваюць угнаеннямі выйшаўшыя з зімоўкі расліны. Кіруюць гэтымі агрэгатамі механізатары Аляксандр Карнеенка і Віктар Данцоў. Абодва вельмі адказна ставяцца да даручанага задання, бо разумеюць, што робяць важную справу для атрымання важкіх ураджаяў бягучага года. На падвозцы ўгнаенняў для запраўкі “Расы” задзейнічаны Сяргей Іванчыкаў, а загружае агрэгат Віктар Розаў. Ужо поўнасцю падкармілі азімы рапс на 160 га, на 1060 га запланавана падкарміць азімыя збожжавыя, на 167 га – азімыя на залёны корм. Не забываюцца ў сельгасфіліяле і пра належную кармавую базу, таму зараз на палетках са шматгадовымі травамі ўносіцца карбамід, што дазволіць раслінам у хуткім часе пайсці ў рост і нарасціць пышную зялёную масу.
Мясцовыя механізатары ўзімку адказна паставіліся да падрыхтоўкі тэхнікі, уся яна гатова да любых відаў работ. Кіраўніцтва сельгасфіліяла паклапацілася пра якасны насенны матэрыял, які назапашаны пад поўную патрэбу. Закуплены сродкі аховы раслін ад хвароб і шкоднікаў, набыты неабходныя ўгнаенні для падкормак. Застаецца толькі своечасова і якасна, з захаваннем тэхналогій правесці сяўбу яравых культур, комплекс работ па абароне і падкормцы раслін.
З раніцы і да позняга вечара шчыруюць механізатары на палетках, каб забяспечыць высокія тэмпы работ і атрымаць дастойны ўраджай.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.