Бліц-апытанне да Дня маці на Кіраўшчыне
Дзень маці — свята, якое палюбілася ўсімі, адзначаецца ў кожнай сям’і, калектыве.
У чым прычына такой папулярнасці і якія пачуцці выклікае гэтае свята ў сэрцах людзей? З гэтым пытаннем мы і звярнуліся да нашых чытачоў.
Аляксандр АДАМАЎ, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:
— Дзень маці — гэта цудоўнае свята, бо няма на зямлі для кожнага з нас даражэйшага чалавека, чым мама. Менавіта яна дорыць жыццё, а затым з дня ў дзень аддае свайму дзіцяці пяшчоту, клопат, увагу. І што б не здарылася, маці заўсёды зразумее,пад-трымае, дасць параду і… даруе крыўду.
Мая маці Галіна Цімафееўна нарадзілася яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны, таму разам з іншымі дарослымі і дзецьмі ёй давялося зведаць горыч і холад, чуць выбухі бомбаў і разрывы снарадаў. Яна вельмі радуецца, што на роднай зямлі пануе мір, а яе дзеці і ўнукі, ды і ўсе тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх ёй, выхавальніку, а затым загадчыку дзіцячага садка, давялося выхоўваць, выраслі добрымі людзьмі, стварылі свае сем’і.
Прыемна, што па слядах нашай маці пайшла мая сястра Алена, якая пасля заканчэння педвучылішча працуе выхавальнікам у адным з дзіцячых садкоў г.Віцебска, а таксама мой старэйшы сын Кірыл — ён закончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова. Мой малодшы сын Антон зараз вучыцца ў Магілёскім дзяржаўным універсітэце харчавання — гэтым задаволена бабуля, бо ўнук выбраў прафесію свайго бацькі.
А наогул, я ўдзячны ўсім маці-працаўніцам Кіраўшчыны, у тым ліку і сваёй другой палавінцы, за іх шчырыя сэрцы, пяшчотныя рукі, дабрыню, сумленнасць, справядлівасць. Няхай тыя, каму матулі аддаюць усё самае лепшае, ніколі не расчароўваюць і будуць такімі, якімі кожная з маці жадала б іх бачыць: здаровымі, шчаслівымі і дастойнымі людзьмі!
Зінаіда Кузьмінічна АКУШЭВІЧ, ветэран Вялікай Айчыннай вайны:
— Цудоўна, што ў нашай краіне адзначаецца свята, якое ў чарговы раз заклікае пакланіцца самаму дарагому чалавеку на зямлі — маці, выказаць ёй словы ўдзячнасці за падоранае жыццё, падтрымку, разуменне, любоў і пяшчоту.
Сапраўдная маці зробіць усё залежачае, каб яе дзіця было здаровым і шчаслівым. Дапаможа знайсці яму жыццёвую сцяжынку, навучыць шанаваць гісторыю сваёй краіны, любіць сваю малую радзіму. Менавіта так выхоўвалі мяне мае бацькі, так і я імкнулася вучыць двух сваіх дачок і сына.
Апошнім часам, на жаль, не ўсе жанчыны з гонарам нясуць высокае званне маці: некаторыя вядуць асацыяльны лад жыцця, злоўжываюць спіртным, з-за чаго дзеці аказваюцца ў дзіцячых дамах і сацыяльных прытулках. У гады маёй маладосці такога не было.
Памятаю, як пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мы, нібыта адна дружная сям’я, аб’яднаўшы свае намаганні, не шкадуючы сіл, аднаўлялі з руін разбураную ворагам народную гаспадарку, імкнуліся хутчэй пабудаваць жыллё і дарогі, дзіцячыя садкі, бальніцу. І як бы не было цяжка, нараджалі дзецей, з упэўненасцю глядзелі ў будучыню.
Вераніка ГАБРУСЬ, маладая маці:
— У гэты дзень мы ўсе чацвёра сясцёр віншуем нашу дарагую і любімую маму са святам, нягледзячы на тое, што мы ўжо таксама сталі мамамі. Дарэчы, сёлета ў мяне нарадзіўся сын Жэнька, ёсць два пляменнікі і столькі ж пляменніц.
Калі мы ўсе разам збіраемся ў родным доме, то размова абавязкова заходзіць пра райспажыўтаварыства: менавіта тут мы ўсе разам з нашай мамай працуем. Стараемся яе не падводзіць ні ў чым, заўсёды раімся і дапамагаем. Калі на маміным твары ўсмешка, а вочы свецяцца радасцю — мы задаволены. Значыць, усё ў парадку, яна нічым не заклапочана.
Вольга ПЕТРУСЁВА, узнагароджаная ордэнам Маці:
— Лічу, што няма ў свеце больш мілагучнага, даражэйшага і любімага слова, чым мама. Колькі б не было нам гадоў, дзе б далёка мы не знаходзіліся ад маці, яе светлы вобраз і пяшчотны голас забыць не магчыма. Для кожнага з нас гэтая жанчына з’яўляецца сэнсам жыцця.
Я сама — маці пяцярых дзяцей, якіх вельмі люблю і імкнуся зрабіць усё ад мяне залежачае, каб яны былі здаровымі, выхаванымі, а іх лёс — шчаслівым. Зараз многія маладыя сем’і падыходзяць да пытан-ня нараджэння дзяцей з матэрыяльнага пункту гле-джання: спасылаюцца на розныя жыццёвыя цяжкасці, скардзяцца на недахоп грошай. Але хіба можна з чымсьці параўнаць адчуванне цёплых дзіцячых рук на шыі, пяшчотны пацалунак малыша і словы: “Мамачка, я цябе вельмі люблю!”
Жанна РЫШКЕВІЧ, старшыня Скрыпліцкага сельскага Савета депутатаў:
— У Дзень маці мы штогод наладжваем сустрэчу-прыём: запрашаем заслужаных, мнагадзетных і маладых маці, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета, на салодкі стол і чаяпіцце, арганізоўваем для іх святочны канцэрт.
Для маёй сям’і – гэта чарговая падстава сабрацца ўсім разам: у мяне трое родных дзяцей і двое — прыёмных. Да таго ж, мая пасада не дае магчымасці расслабляцца: трэба ўсё паспець зрабіць, дайсці да кожнага жыхара вёсак, выслухаць і дапамагчы вырашыць узнікшую праблему.
Лічу, што ў першую чаргу жанчына павінна ўвасобіць сябе ў самай галоўнай ролі на зямлі – ролі маці. З гэтай нагоды віншую ўсіх матуль, самых блізкіх і дарагіх, з выдатным святам. Хочацца, каб кожны дом сінявокай Беларусі быў напоўнены шчасцем мацярынства і вясёлым смехам дзетак.
Наталля ХРАЛЯНКОВА, мнагадзетная маці:
— Не так даўно ў нашай сям’і адбылася цудоўная падзея — на свет з’явілася доўгачаканая дачушка. Маленькай сястрычцы вельмі радыя і нашы сыны Жэня, Лёша і Ягорка.
Мяркую, што галоўнае прызначэнне жанчыны, гэта — мацярынства. Зразумела, быць мнагадзетнай маці — нялёгкая штодзённая праца: я і повар, і педагог, і медсястра, і псіхолаг, але гэтыя клопаты — самыя шчаслівыя. У любую хвіліну душой і сэрцам са сваімі дзецьмі: радуюся іх дасягненням, перажываю, калі ў іх нешта не атрымліваецца. У выхаванні рабят імкнуся да таго, каб ніхто не быў абдзелены маёй увагай і клопатам. А яшчэ, мне вельмі пашчасціла з мужам: Сяргей заўсёды побач, дапамагае ва ўсіх хатніх справах, гэтаму вычыць і нашых дзяцей.
Ведаю, што ў гэты дзень абавязкова атрымаю падарункі, пачую пяшчотныя віншаванні ад маіх любімых мужчын, а потым усе разам накрыем святочны стол.