У Кіраўску прайшоў чарговы фестываль “Калядныя сустрэчы сяброў”
І зноў адно з самых шчырых, светлых, пазітыўных мерапрыемстваў авалодала кіраўскай сцэнай: адбыліся традыцыйныя “Калядныя сустрэчы сяброў”, жыццё якім дзевяць год таму даў раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. І міжрэгіянальны фестываль стаў зорным часам для наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. За мінулыя гады яго ўдзельнікамі станавіліся каманды не толькі з Магілёўшчыны, але і з іншых абласцей.
Настолькі душэўная і радасная атмасфера пануе заўжды ў зале, гэтак з душой увасабляюцца на сцэне розныя героі і персанажы, такі вялізны і дружны калядны карагод наладжваецца і такія сонечныя ўсмешкі вакол, што сэрца напаўняецца самымі светлымі пачуццямі…
Апошнім часам фестываль “прапісаўся” на сцэне гарадскога Цэнтра вольнага часу. Падчас дзявятай па ліку сустрэчы сцэна і зала былі неверагодна прыгожа аформлены, здавалася, што трапіў у цудоўную, яркую казку. І гэтыя прадчуванні у хуткім часе спраўдзіліся…
Галоўнымі героямі сёлетняга каляднага свята сталі каманды, прадстаўляючыя наступныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: Кіраўскі — “Пакаленне NEXT”, Асіповіцкі — “Вясёлыя рабяты”, Глускі — “Аптымісты”, Клічаўскі — “Вольса”, Ленінскі і Першамайскі раёны г.Бабруйска — “Бобр і Кампанія” і “Зефір”.
Журы заняло свае месцы, і тут жа ва ўнісон з навакольнай казачнай атмасферай прагучала прапанова апрануць чароўныя каўпачкі, што кожны з задавальненнем зрабіў.
Усіх сардэчна вітала намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская, якая адзначыла, што вельмі прыемна быць у дні, калі адчуваецца подых светлых святаў, у коле сяброў, якімі сталі ўдзельнікі фестывалю. Добра, падкрэсліла яна, што многія цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сябруюць паміж сабой, падтрымліваюць сувязі. Зносіны людзей, якія наведваюць цэнтры, — гэта адкрыццё новых гарызонтаў, развіццё творчых здольнасцей, магчымасць паверыць у сябе, рэалізаваць свае імкненні.
Галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Алена Арцёмчык адзначыла, што фестываль “Калядныя сустрэчы сяброў” прасякнуты дабрынёй і радасцю, і выказала яго ўдзельнікам шчырыя пажаданні.
Першы конкурс “Калядная песня”стаў своеасаблівым камандным прывітаннем. Распачалі яго кіраўчане. На сцэне разгарнулася цэлая музычна-харэаграфічная кампазіцыя з песняй “Пад Новы год”, якая адразу настроіла ўсіх у зале на святочны лад, узняла настрой.
Пасля такога старту астатнія каманды пастараліся праявіць сябе не горш. Так, асіпаўчане заўзята спявалі пра завіруху і ружовы румянец на шчаках. Бабруйчане (Ленінскі раён) пераклалі вядомую песню “Вдруг как в сказке скрипнула дверь”, дзе, безумоўна, не магло не прагучаць: “Танцуют все!”, а завяршылі аптымістычную сцэну словы “Ваша шчасце — у вашых руках!”. Каманда “Зефір” увасобіла калядны абрад у адпаведных касцюмах, з заклікам: “Коляда, коляда, открывайте ворота!”. Глуск прадставіў вясёлы відэафільм пра свае заняткі ў РЦСАН, захапленні. Пад меладычную музыку рабяты з Клічава запалілі агеньчыкі (на тэлефонах) — каб, згодна слоў песні, іх нават у цемры заўважыў і не прайшоў міма сябар…
Выстава-конкурс “Беларускі Дзед Мароз” здзівіла майстэрствам і разнастайнасцю выкананых работ: перад вачыма журы і гледачоў на стале выстраіліся такія цудоўныя ўвасабленні галоўнага героя навагодняга свята, што здавалася — вось яны пачнуць рухацца і выйдуць на сцэну. Усе каманды выступілі з прэзентацыямі. Напрыклад, ад “Пакалення NEXT” Аляксандр Ласякоў прачытаў верш уласнага сачынення.
Работы ў межах дызайнерскага конкурсу “Плакат-фармат “Блакітны агеньчык” былі размешчаны ў фае, і журы ацэньвала іх там.
Конкурс “Аліўе-мюзікл-шоу “Калядны экспрэс” адбыўся ў фармаце тэатралізаваных пастановак са змяшэннем розных жанраў. Кожны ўдзельнік мог праявіць свае здольнасці, талент і акунуцца ў свет дзяцінства. І, трэба адзначыць, кожны стараўся выканаць сваю ролю на вышыні, так што можна было смела гаварыць не па Станіслаўскім: “Веру!”.
Коратка пра сюжэты каманд. Нашы землякі з “Пакалення NEXT” паказалі мюзікл па матывах самога “Шчалкунчыка”! І галоўны пасыл: каб жыла надзея на тое, што дабро заўсёды перамагае зло — удалося данесці да гледачоў, пра што сведчылі шчодрыя апладысменты.
“Вясёлыя рабяты” шукалі Сінюю птушку, і, зразумела, дзякуючы сваёй настойлівасці, знайшлі яе і завяршылі выступленне словамі: “А счастье, что птица приносит, хотим разделить на всех, кто попросит!”.
Казка “Вольсы” была пра светлае свята Раства, для сустрэчы якога лясных звяроў прытуліла вялікая рукавічка. “Навагодні хрузікл” (у адпаведнасці з галоўным сімвалам гэтага года) прадставіла “Бобр і Кампанія” ў выглядзе казкі на новы лад “Тры парасяці”. Цікавымі і захапляльнымі былі пастаноўкі ў іншых каманд, якія таксама “сарвалі” авацыі залы.
І вось надышоў момант абвяшчэння вынікаў і ўручэння ўзнагарод.
Каманды былі заахвочаны ў наступных намінацыях: “Калядная песня” — “Пакаленне NEXT”, “Чароўныя рукі майстра” — “Аптымісты” (за плакат-фармат “Блакітны агеньчык”), “Самыя артыстычныя” — “Вясёлыя рабяты”, “Самая добрая зіма” — “Вольса”, “У нагу з часам” — “Зефір”, “Такія розныя” — “Бобр і Кампанія”.
Кожны член журы ўручыў адпаведны Дыплом і падарунак са словамі віншаванняў і ўдзячнасці камандам за пазітыўныя эмоцыі. Ад рэдакцыі раённай газеты “Кіравец” удзельнікі атрымалі на добрую памяць фотаздымкі, на якіх занатаваны ўсе каманды гэтай каляднай сустрэчы.
Каб фестываль удаўся, а ўдзельнікаў парадавалі падарункі, ад душы пастараліся ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, РЦСАН, раённыя структуры грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі фонд міру”, “Белая Русь”, “БРСМ”, “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”, ЦБП №617 у г.Кіраўску ААТ “Белаграпрамбанк”, ЦБП №709 г.Кіраўска філіяла №703 ААТ “ААБ Беларусбанк”, прадстаўніцтва Беларускага унітарнага страхавога прадпрыемства “Белдзяржстрах”, ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, УКП “Жылкамгас”, ПУП “МарТина-Имидж”, індывідуальныя прадпрымальнікі Пётр Лапо, Галіна Зайцава, Уладзімір Іваніцкі, Яўген і Таццяна Лазаковічы і рэдакцыя “Кіраўца”, якая выступіла інфармацыйным і фотаспонсарам.
У наступным годзе — 10-ты, юбілейны фестываль! І, безумоўна, ён зноў збярэ добрых сяброў на новую калядную сустрэчу!
Наталля ХАДАКОВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА і Юліі ЗАВІШАВАЙ.