Спорт і адзінства
Легкаатлетычны крос, які прайшоў на стадыёне Кіраўскай ДЮСШ і быў прымеркаваны да Дня народнага адзінства, аб’яднаў аматараў бегу розных узростаў.
Пачалося мерапрыемства з урачыстага адкрыцця, падчас якога загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Віктар Бялянаў расказаў аб значэнні адзінства і згуртаванасці ў грамадстве, у спорце. Віктар Мікалаевіч прадставіў падрастаючаму пакаленню людзей, для якіх фізкультура і спорт не пустыя гукі: Андрэя Бяляўскага, Уладзіміра Грамыку і Генадзя Лагойку – актыўных удзельнікаў спаборніцтваў розных відаў спорту. Зараз аматары-спартсмены папулярызуюць лыжаролерны від. Яны і далі старт спаборніцтвам, праехаўшы круг на лыжаролерах. Ім жа было дадзена і права ўзняць Дзяржаўны сцяг.
Распачаліся спаборніцтвы эстафетай, у якой удзельнічала 4 каманды па 4 чалавекі. Кожны з удзельнікаў пераадольваў дыстанцыю ў 370 метраў. Адзінства, згуртаванасць і добрая фізічная падрыхтоўка вучняў СШ №1 не пакінулі ніякіх шанцаў сапернікам. Другое месца – у каманды СШ №2 імя К.П.Арлоўскага, на трэцім – вучні Мышкавіцкай СШ, чацвёртае месца заняла яшчэ адна каманда СШ №2.
Наступнымі на дыстанцыю выйшлі людзі пенсіённага ўзросту і з абмежаванымі магчымасцямі. Гледачы па-сяброўску падтрымлівалі Ніну Пархамовіч, Ганну Пылыпіў, Паўла Марцючэнку, ствараючы для іх камфортную атмасферу. Усе ўдзельнікі забегу адначасова перакрочылі фінішную рысу.
Найбольш масавым відам стаў крос на 740 метраў. Удзел у ім прынялі каля 50 чалавек у двух узроставых групах: да 14 гадоў і 15–18 гадоў. Сярод хлопчыкаў малодшай узроставай групы перамогу святкаваў Вячаслаў Будніцкі з СШ №1, на другой прыступцы – Юрый Бяляўскі з гэтай жа школы, на трэцім месцы – Віктар Самойлаў з СШ №2. Сярод дзяўчынак мацнейшай была Вікторыя Шчыгельская з СШ №2, другое і трэцяе месцы ў прадстаўніц СШ №1 Аляксандры Кірыльчанка і Соф’і Акуліч адпаведна. У старэйшай узроставай групе пераможцамі сталі брат і сястра Уладзіслаў і Крысціна Фіневічы.
Пераможцы і прызёры ва ўсіх відах спаборніцтва атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі ад фізкультурна-спартыўнага клуба раёна.
Але самае галоўнае – гэта не перамога, а удзел і магчымасць паказаць сваю сілу і волю да перамогі, а таксама ўмацаваць дух адзінства.
Такім чынам, мерапрыемства стала не проста спартыўным, а святам, якое аб’яднала людзей розных узростаў і інтарэсаў. А значыць, спорт здольны аб’ядноўваць і натхняць, садзейнічаць развіццю дружбы і ўзаемаразуменню. Гэта меркаванне пацвердзіла і пераможца Вікторыя Шчыгельская: “Мне было прыемна ўдзельнічаць у гэтых спаборніцтвах, асабліва радасна перамагчы. Але галоўнае – мы адзіныя!”
Галіна РУСЕЦКАЯ. Фота аўтара.