Эх, дарогі… Што выявіў рэйд па вуліцах Кіраўска?

Здаецца, дарогі як дарогі, але як толькі трапляеш у яму ці выбоіну, пачынаеш разумець, што не ўсе яны аднолькавыя. Дзяржаўтаінспекцыя РАУС сумесна з рэдакцыяй правялі рэйд па вуліцах Кіраўска і ўпэўніліся, што праблема сапраўды існуе і што шмат часу на яе вырашэнне ні ў кога няма. Асабліва кідаюцца ў вочы, а дакладней пад ногі, участкі дарог па вуліцах Завадской і Арлоўскага.
Па выніках рэйду супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі накіраваны прадпісанні за неналежнае ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі ў адпаведныя арганізацыі. УКП “Жылкамгас”, а таксама ДРБУ №197 ва ўстаноўленыя тэрміны павінны прывесці дарогі ў належны стан. А мы будзем пільна сачыць за гэтым, а таксама чакаць ад нашых падпісчыкаў падказак і прапаноў па тэмах, якія патрабуюць увагі і вырашэння, і не толькі па пытанні ўтрымання дарог.
Наогул за неналежнае ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі за 2022 год да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 6 пасадавых асоб. З-за няякаснага дарожнага пакрыцця летась зафіксаваны 2 выпадкі дарожна-транспартных здарэнняў, пры якіх адбылося механічнае пашкоджанне хадавой часткі транспартных сродкаў.
Будзьце ўважлівымі на дарогах! Беражыце сябе, паважайце ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.
Галіна РУСЕЦКАЯ. Фота Максіма МІКЕШЫНА.