Тэхніцы – належныя стан і захоўванне

На мінулым тыдні ў раёне быў праведзены традыцыйны штогадовы агляд-конкурс па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючай базы сельскагаспадарчых арганізацый да работы ў зімовых умовах, падрыхтоўцы машынна-трактарнага парка да веснавых палявых работ наступнага года, а таксама пастаноўцы на працяглае захоўванне адпрацаваўшай сезон сельскагаспадарчай тэхнікі.
Усе адзначаныя пункты ацэньвала спецыяльна створаная раённая камісія, у састаў якой ўвайшлі першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандр Кісялёў, галоўны дзяржаўны інспектар райсельгасхарчу Мікалай Пархамовіч, начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Дзмітрый Іваніцкі і старшы інспектар гэтага аддзела Ігар Акушэвіч.
Члены камісіі наведалі ўсе сельгасарганізацыі, праверылі пастаноўку на зімовае захоўванне вызваленай ад сельгасработ тэхнікі, стан мехдвароў, рамонтных майстэрняў, дзе, да слова, ужо вядуцца рамонтныя работы, пунктаў тэхнічнага абслугоўвання, падсобных памяшканняў, арганізацыю санітарна-бытавых умоў, ацяплення, а яшчэ – наяўнасці неабходнай дакументацыі па рамонце машын, агрэгатаў і абсталявання, правільнасць яе вядзення, тэхніку бяспекі, аплату працы. Увага надавалася таксама навядзенню агульнага парадку на тэрыторыях машынных двароў.
Згодна з адпаведным рашэннем райвыканкама такія агляды-конкурсы праводзяцца з 2009 года. Як адзначаюць спецыялісты райсельгасхарчу, яны станоўча ўплываюць на арганізацыю працы, паляпшэнне бытавых умоў для механізатараў, вадзіцеляў і рамонтнікаў. Па-гаспадарску пастаўленая на працяглае захоўванне тэхніка, беражлівыя адносіны да яе садзейнічаюць памяншэнню яе зношанасці, павелічэнню тэрміну эксплуатацыі, эканоміі грашовых сродкаў сельгасарганізацый.
Як было заўважана членамі камісіі падчас наведвання гаспадарак, практычна паўсюдна спецыялісты інжынернай службы адказна ставяцца да выканання неабходных патрабаванняў, арганізацыі работ. Разам з тым дзе-нідзе здараюцца пэўныя нязначныя недахопы, на якія ўказваецца па ходу праверак, і якія аператыўна выпраўляюцца.
Сёлетнія рэзультаты агляду-конкурсу не сталі сюрпрызам: фаварыты апошніх некалькіх год пацвердзілі сваю перавагу. Пальма першынства – зноў у ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, дзе найлепшым чынам падрыхтаваліся да зімовага рамонтнага сезону. Дарэчы, рамонтныя работы тут поўным ходам ужо вядуцца. У арганізацыі такой работы адзначана заслуга галоўнага механіка прадпрыемства Станіслава Русецкага.
Другое месца, і зноў, як летась, прысуджана КСУП “Чырвоны баец” (галоўны інжынер М.С.Шапоткін). Замкнуў тройку прызёраў СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”, дзе належным чынам арганізавалі работу галоўны інжынер Васіль Шаболда і тэхнік па эксплуатацыі машын і абсталявання Юрый Фірагін.
Некаторыя заўвагі па ходу наведвання былі выказаны інжынерным службам КСУП “Жылічы”, ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” і іншым. Недахопы, як запэўнілі спецыялісты на месцах, будуць выпраўлены ў бліжэйшы час. У цэлым жа, сур’ёзных парушэнняў не было.
Належная падрыхтоўка тэхнікі да наступнага сельскагаспадарчага сезону стане добрым стартам да правядзення веснавой палявой кампаніі.


Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.