Флагман сельскай гаспадаркі
У Кіраўскім раёне ўмеюць і любяць працаваць, прычым працаваць якасна. Аб гэтым у тым ліку
сведчаць і вынікі работы за 2023 год – наш раён стаў пераможцам спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод раёнаў Магілёўскай вобласці з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек. Вялікая заслуга ў гэтым працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Таму і пачаць творчы праект “Якасць – гэта па-кіраўску” мы вырашылі з сельскагаспадарчай тэмы, а дакладней, з ААТ
“Рассвет імя К.П.Арлоўскага” – флагмана сярод сельгасарганізацый не толькі раёна, але і рэспублікі.
Калгас “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага – легендарная гаспадарка, у пачатку гісторыі якой стаяў легендарны чалавек – Кірыл Пракопавіч Арлоўскі. Сёлетні год – 80-ы ў слаўнай гісторыі “Рассвета”. Калі бываеш у іншым кутку Беларусі, з гонарам гаворыш: “Я з Кіраўскага раёна, адтуль, дзе знакаміты “Рассвет”, – і ўсе ведаюць, аб якой гаспадарцы ідзе гаворка. Сельгаставарыства ўваходзіць
у лік мацнейшых прадпрыемстваў АПК краіны.
З 2011 года ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” ўзначальвае Аляксандр БАГЕЛЬ, які асноўным багаццем гаспадаркі лічыць яе працаўнікоў:
– Мне давялося стаць начале аднаго з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў Беларусі. “Рассвет” – гэта не проста шматгаліновая гаспадарка. Гэта гісторыя і традыцыі, лёсы тых, хто стаяў у вытокаў. Мы стараемся трымаць высокую планку, якую ўстанавілі нашы папярэднікі, рухаемся ў нагу з часам, асвойваючы новыя вытворчасці, прыкладаем максімум намаганняў, каб прымнажаць спадчыну, якую нам перадалі.
Сакрэты нашых поспехаў у разнастайнасці выпускаемай прадукцыі, яе высокай якасці, і, безумоўна, у людзях, якія шчыруюць з душой і ў поўнай меры ўсведамляюць адказнасць за сваю працу. На сённяшні дзень у нашай камандзе каля 900 чалавек. Спадзяюся, што бягучы год будзе для прадпрыемства годам росту і якасці ва ўсіх галінах.
Гісторыя “Рассвета” – гэта гісторыя яго добрасумленных працаўнікоў, прысвяціўшых жыццё развіццю галіны сельскай гаспадаркі. Шмат пакаленняў рассветаўцаў будавалі фундамент, на якім зараз моцна стаіць сучасны “Рассвет”.
Асноўная крыніца даходу
Жывёлагадоўля ў “Рассвеце” – асноўная крыніца даходу і фінансавага дабрабыту. Таму яе развіццю – асаблівая ўвага.
Па выніках работы за мінулы год тэмп росту валавай прадукцыі жывёлагадоўлі саставіў 109,3%, дойны статак павялічаны на 2930 галоў і зараз налічвае амаль 9,5 тысячы рагуль. Вытворчасць мяса БРЖ павялічылася на 75 т (104,8%), вытворчасць і рэалізацыя малака ўзраслі на 110,3% і 110,4% адпаведна.
З павелічэннем колькасных паказчыкаў рассветаўцы імкнуцца павышаць і якасць сельгаспрадукцыі шляхам строгага захавання тэхналогіі. І гэта асноўны арыенцір. Якасць – гэта па-рассветаўску!
ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” – шматпрофільнае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вытворчасці і рэалізацыі: малака; мяса; збожжавых культур; рыбнай прадукцыі; агародніны: бульбы, буракоў, агуркоў, таматаў, капусты, цыбулі, морквы, кавуноў; садавіны: яблыкаў, груш.
- Гаспадарка мае агароднінасховішча на 11 тысяч тон. У 2022 годзе запушчана лінія па перапрацоўцы маслянічных культур.
- Ёсць асабістая гандлёвая сетка: 2 магазіны, сталовая на 100 месцаў, кафэ-бар, ганд-
лёвыя кропкі на рынках у Кіраўску, Бабруйску і Магілёве. У інфраструктуру ўваходзяць таксама сучасны санаторый і турыстычная база на беразе Чыгірынскага вадасховішча. - У 2012 годзе адкрыўся біягазавы комплекс. Гэта буйная ўстаноўка для атрымання альтэрнатыўнай энергіі, якая паступае ў агульную энергасістэму, а затым выкарыстоўваецца для патрэб гаспадаркі.
- Гонар “Рассвета” – рыбная гаспадарка, якая дзейнічае з 1984 года. У трох сажалках агульнай плошчай 64,5 га вырошчваюць карпа (75–80%), таўсталобіка, белага амура, шчуку, карася, сама еўрапейскага. Каля 150 тон рыбы – столькі кожны год атрымліваюць у рассветаўскіх вадаёмах.
- У садовай гаспадарцы вырошчваюцца яблыкі, грушы, вішня, чарэшня і чорныя парэчкі.
- З 2020 года рассветаўцы вырошчваюць кавуны – смелы сельскагаспадарчы эксперымент, вынікі якога задавальняюць. Рассветаўскія кавуны – сакавітыя, салодкія, а галоўнае – смачныя і экалагічна чыстыя. “Рассвет” – адзіная на Магілёўшчыне гаспадарка, якая вырошчвае кавуны ў прамысловых маштабах.
- А яшчэ ў хуткім часе тут плануюць атрымаць першы ўраджай грэцкіх арэхаў.
Тут лета пануе круглы год
Адна з візітных картак ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” – безумоўна, цяплічны камбінат акцыянернага таварыства. Прычым, ён мае сваю ўнікальнасць, бо ва ўсёй краіне такіх налічваецца каля дваццаці, а на Магілёўшчыне – наогул толькі два.
Першыя цяпліцы пабудавалі ў гаспадарцы яшчэ ў далёкім 1984 годзе. І з таго часу рассветаўцы радуюць пакупнікоў свежымі таматамі і агуркамі, а таксама рыхтуюць расаду капусты, якую потым высаджваюць у адкрыты грунт для далейшага вырошчвання.
У цяпліцы рабіліся рэканструкцыі, яна павялічвалася ў плошчы, і зараз агародніну ў закрытым грунце вырошчваюць на 10 га, у тым ліку на 4,5 га – таматы і на 5,5 га – агуркі.
У мінулым годзе ў камбінаце, дзе ў любы сезон пануе лета, праведзена, бадай, самая прыметная рэканструкцыя, бо барвовае зарыва ад святла цяпліц відаць здалёк. Дзякуючы арганізаванаму дасвечванню тысячамі агнёў на адным з гектараў тут светла, нібыта пры сонечным святле, а вітамінную прадукцыю цяпер вырошчваюць круглы год.
На камбінаце працуе вялікі дружны калектыў, члены якого хвалююцца за сваю справу. У ліку лепшых работнікаў – Марына Арлоўская і Кацярына Сакабіцкая (на фота).
Мабілізоўвае зялёнае жніво
Вялікая ўвага ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” надаецца раслінаводству. Прычым рассветаўцы імкнуццца прадумаць усе нюансы, каб атрымаць багаты ўраджай. Гэта і высокі ўзровень культуры земляробства, і дакладная апрацоўка глебы з улікам якаснага насення, апрацоўкі пасеваў ад хвароб і шкоднікаў, падбору насеннага матэрыялу.
Як вынік – “Рассвет” з’яўляецца самай валаўтвараючай сельгасарганізацыяй раёна практычна па ўсіх сельгаскультурах. Летась гаспадарка атрымала самую высокую ў раёне ўраджайнасць (44,7 ц/га).
Актыўна практыкуюць рассветаўцы вырошчванне агародніны, заўсёды атрымліваючы высокі ўраджай бульбы, буракоў, морквы, цыбулі, капусты. Штогод радуе ўраджай агародніны закрытага грунту: мясцовыя таматы і агуркі заўсёды карыстаюцца попытам у пакупнікоў.
Своеасаблівая адметнасць гаспадаркі – мясцовы сад, які раскінуўся больш чым на 200 га, на 170 з іх – пладаносячы сад, з кожнага яго гектара летась атрымана па 184,8 ц пладоў.
Сёння пад пільным кантролем спецыялістаў знаходзіцца корманарыхтоўка. Каб забяспечыць з запасам самы вялікі ў раёне грамадскі статак кармамі, штогод тут засяваюцца вялізныя абшары рознымі травамі, кукурузай, з зялёнай масы якіх закладваюцца якасныя сянаж і сілас, назапашваецца сена. Дзякуючы дастатковай колькасці вільгаці ў глебе, вырас выдатны травастой.
Тэхнічныя сілы накіраваны на ўборку свірэпіцы, пасеянай разам з зялёнаўкосным жытам, пасевы якіх займаюць 300 га. Прыгожа назіраць за высокай жоўта-зялёнай сцяной. Эфект, пэўна, быў бы яшчэ большы, калі паназіраць за ёй з вышыні птушынага палёту…
Задача – назапасіць не менш 24 тысяч т сянажнай масы. Работы ў гэтым накірунку вядуцца кругласутачна. Першую траншэю сенажу закладваюць каля МТК “Мышкавічы”, у якую мяркуецца ўмясціць 2700 т.
Ад якасці выканання работ залежыць вынік. Рассветаўцы працуюць з высокай доляй адказнасці.
Як запэўніў у размове першы намеснік дырэктара акцыянернага таварыства Аляксандр Жылінскі, тэмпы ўборачнай кампаніі рассветаўцы будуць падтрымліваць на высокім узроўні, а значыць, ёсць упэўненасць, што будзе нарыхтаваны значны запас кармоў.
Матэралы падрыхтавалі Аляксандр Хахлоў і Яўгенія Бялько.