Праз гады, праз адлегласці…

Няўмольны бег часу… Кожны чалавек праходзіць свой шлях, вучыцца, сталее, заканчвае школу і адкрывае новыя гарызонты. Але ёсць магчымасць азірнуцца назад,
у думках прабегчыся па запаветных куточках школьнага жыцця, успомніць тыя дні,
калі наперадзе быў цэлы свет магчымасцяў і невядомых дарог. Штогод першая субота лютага нагадвае нам пра тое, як важна
не забываць пра мінулае, шанаваць сяброўства і падтрымліваць сувязь з тымі, з кім калісьці дзяліліся радасцямі і цяжкасцямі. У гэтай памяці – наша сіла, наша сувязь з тымі,
кім мы былі, і з тымі, кім мы станем.
Стэнд «Школьныя гады цудоўныя» прыцягнуў увагу выпускнікоў сярэдняй школы №2 г.Кіраўска імя К.П.Арлоўскага.
Першая субота лютага – дзень сустрэчы выпускнікоў, добрая традыцыя, якую ўсе з нецярпеннем чакаюць кожны год. У гэты дзень былыя вучні школ збіраюцца разам, каб успомніць добрыя часіны, абмяняцца навінамі, падзяліцца сваімі дасягненнямі і планамі на будучае і проста пагутарыць. Гэта час, калі ўспаміны ажываюць…
У гэты дзень выпускнікі сярэдняй школы №2 г.Кіраўска імя К.П.Арлоўскага сабраліся ў сценах роднай школы, успаміналі незабыўныя моманты, праведзеныя разам. Сустрэча была незвычайнай: упершыню школа расчыніла свае дзверы ў 1964 годзе, а ў 1965 быў першы яе выпуск. Яшчэ да пачатку афіцыйнага мерапрыемства ўстанова адукацыі напоўнілася смехам і цёплымі абдымкамі, бо кожны быў рады зноў убачыць сваіх аднакласнікаў і даведацца, як склалася іх жыццё. Выпускнікі прайшлі па школьных калідорах, пасядзелі за партамі, наведалі музей.
Вядучыя вечара – настаўнікі Раіса Давыдовіч (выпускніца школы) і Сяргей Садоўнікаў – віталі розныя пакаленні адной вялікай школьнай сям’і, нагадалі былым вучням пра гісторыю школы, правялі пераклічку, у выніку якой высветлілася, што ў зале сабраліся як тыя, хто пасля заканчэння школы застаўся на сваёй малой радзіме, так і з іншых абласцей нашай краіны, а таксама з Расійскай Федэрацыі.



У зале панавала асаблівая атмасфера – сумесь настальгіі, радасці і гонару за пройдзены шлях. Юбілейныя выпускі, якія па чарзе падымаліся на сцэну, сталі своеасаблівым сімвалам пераемнасці і сувязі пакаленняў. Былыя вучні нібы перажывалі зноўку ўсе тыя важныя і кранальныя моманты, якія пакінулі след у іх жыцці. Гучалі віншаванні, словы падзякі настаўнікам, якія ўклалі душу ў кожнага вучня, і ўспаміны пра тое, як яны пачыналі свой шлях тут, у гэтых сценах. З кожным новым выпускам на сцэну падымаліся не толькі былыя школьнікі, але і цэлая гісторыя, якая ўвасобіла жыццё і поспехі тых гадоў.




Самымі шматлікімі былі выпускі 2000-га, 2005-га, 2010-га і 2024-га гадоў. Самымі дарослымі – выпускнікі, якія скончылі школу 50 гадоў таму.
І выпускнікі, і сённяшнія вучні, і настаўнікі дарылі ўсім прысутным музычныя падарункі і добры настрой. Гучалі апладысменты, было шмат усмешак, слёз радасці і лёгкага суму, але галоўнае – усе адчувалі, што гэтая сустрэча была не проста падставай успомніць мінулае, але і магчымасцю зноў адчуць сябе часткай той унікальнай школьнай сям’і, якая заўсёды будзе аб’ядноўваць усіх, хто калі-небудзь вучыўся тут.
Галіна РУСЕЦКАЯ.