Шчаслівая зорка Валянціны Клімовіч

Шчаслівая зорка Валянціны Клімовіч

У аўторак, 30 ліпеня, аператар машыннага даення ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Валянціна Клімовіч адзначыла свой 65-гадовы юбілей.
Шчырыя віншаванні, у якіх адлюстраваліся прызнанне заслуг юбіляркі і ўдзячнасць за яе шматгадовую працу, адрасавалі Валянціне Леанідаўне старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар “Рассвета” Аляксандр Багель, першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Дарожкін, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская, прафсаюзныя лідары, актывісты раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, калегі па працы.

Ад усёй душы

Калі мы завіталі на Валосавіцкую ферму, нас сустрэла юбілярка, гледзячы на якую, адразу стала зразумела: не, пенсія не для яе… Валянціна Леанідаўна з той кагорты людзей, якія не старэ­юць, бо сваёй працай і захапленнем справай не толькі захоўваюць маладосць, але і напаўняюць жыццё сэнсам. Яны заўсёды актыўныя і працягваюць шукаць новыя гарызонты і магчымасці для самавыяўлення…
Жанчына хвалявалася ў чаканні ганаровых гасцей, а тым часам падзялілася з намі сваім пачуццём глыбокай падзякі за магчымасць працаваць, за створаныя для гэтага добрыя ўмовы і падкрэсліла, наколькі яна шануе і любіць сваю працу і людзей, з якімі разам шчыруе.
Хваляванні змяніліся нейкай сарамлівасцю, калі госці, як кажуць, з парога сталі сыпаць у адрас юбіляркі заслужаныя кампліменты.


Падчас віншавання кіраўнік раёна адзначыла, што нягле­дзячы на свой узрост, Валянціна Леанідаўна за­стаецца актыўнай і энергічнай, яна – па-ранейшаму перадавік вытворчасці, і яе дасягненні заслугоўваюць асаблівай павагі, а праца, адносіны да яе з’яўляюцца прыкладам для пераймання. “Вы – ганаровы грамадзянін Кіраўскага раёна, – падкрэсліла Галіна Паўлаўна, – гэта азначае, што нашы людзі прызналі. Вашы заслугі, а гэта самая высокая ацэнка Вашай працы. Ведайце, што мы цэнім Вашу працу, што мы бачым Вас, рады і ганарымся тым, што Вы ў нас ёсць. Галоўнае, каб Вам на ўсё хапіла здароўя”.


За шматгадовую добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу раёна Галіна Слабоднікава ўручыла В.Л.Клімовіч Ганаровую грамату райвыканкама і каштоўны падарунак.
Сяргей Дарожкін, звяртаючыся да юбіляркі, акцэнтаваў увагу на тым, што на такой рабоце ў такім узросце і так якасна працаваць можа далёка не кожны, таму і сама жанчына і яе праца заслугоўваюць асаблівай павагі. Ён уручыў ёй за плённую працу Ганаровую грамату ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і каштоўны падарунак.
Ад калектыва “Рассвета” Аляксандр Багель уручыў Валянціне Леанідаўне каштоўны падарунак і пажадаў ёй здароўя і яшчэ доўгі час заставацца ў працоўным страі, сваімі новымі дасягненнямі ўносіць пасільны ўклад у развіццё роднай гаспадаркі, раёна, забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. А яшчэ – прыгожай жанчыне паднеслі шмат прыгожых кветак…

Пачатак вялікага шляху

Валянціна Леанідаўна Клімовіч родам з вёскі Пячкавічы Мсціслаўскага раёна. Вырасла ў мнагадзетнай сям’і, у якой выхоўвалася шасцёра дзяцей: 3 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі. З ранняга дзяцінства прывучана да сельскай працы. Маці была даяркай, і дзяўчаты з маленства дапамагалі ёй на ферме.
Пасля 8 класаў Валянціна выбрала сельскагаспадарчы шлях: паступіла ў Смальянскі саўгас-тэхнікум Аршанскага раёна Віцебскай вобласці на спецыяльнасць заатэхнік і ў 1978 годзе пачала сваю працоўную дзейнасць загадчыцай малочна-таварнай фермы ў калгасе «Чырвоны факел». Ад Пяткавіч да работы дабіралася за 11 км: ездзіла на кані, сама і запрагала яго. Але прывучаная да сельскай працы, навучаная шматлікім жыццёвым навыкам, уменню працаваць разам, дзяўчына набыла каштоўны вопыт, які дапамог ёй сфарміраваць ўстойлівы характар, працавітасць і пачуццё адказнасці.

Рассветаўскімі дарогамі

У 1979 годзе бацькі пераехалі ў Кіраўскі раён, і Валянціна паехала за імі, а з 1981 года лёс дзяўчыны быў назаўсёды звязаны з “Рассветам”. Пачынала працаваць даяркай на Цясоўскай ферме. “Ведаеце, маці была супраць таго, каб я ішла даяркай, бо ў яе час гэта была занадта цяжкая праца, а яна хацела лепшай долі для нас, – падзялілася ўспамінамі жанчына. – Але ж і сястра, і я пайшлі менавіта па яе слядах. Падумаць толькі, я ўжо 43 гады працую даяркай у “Рассвеце”! Часта чула ў свой бок, што я нара­дзілася пад шчаслівай зоркай. А чаму і не? Любімая сям’я, любімая работа… Усё жыццё позна лажылася і рана ўставала, бо трохразовая дойка патрабуе асаблівага рэжыму. А дома дзеці, гаспадарка… Але ж нічога, спраўлялася”.
І сёння спраўляецца наша гераіня, бо ў радзільным аддзяленні, дзе яна зараз працуе на раздоі, таксама трохразовая дойка. Пад апекай у яе знаходзіцца 40 рагуль, і кожная патрабуе ўвагі і ласкі.
Мяняецца час, мяняюцца ўмовы працы, але адносіны да жывёлы, лічыць Валянціна Леанідаўна, павінны заставацца нязменнымі: “Калі хочаш вялікага малака, то і душа павінна быць вялікай”. Кожная раніца ў спецыяліста пачынаецца з таго, што яна перш за ўсё правярае стан кароў. Яе клопат пра здароўе жывёл і ўменне падтрымліваць высокі ўзровень іх прадуктыўнасці – гэта ключ да поспеху.

Усё пачыналася з…

Сённяшні высакакласны спецыяліст у сваёй галіне, перадавая даярка ўдзяч­на лёсу, што яе настаўнікамі былі Фаіна Ануфрыеўна Скудная і Людміла Нічыпараўна Палевіч. З натхненнем успамінае і ўвесь дружны і згуртаваны калектыў фермы на чале з яе загадчыцай Галінай Русецкай, у які ўлілася ў далёкім 81-м: “Я ж прыйшла сюды зусім маладой. Аднойчы памятаю, спазнілася крыху, гляджу, а за мяне ўжо і кармы раздалі і пачысцілі. І ніхто не пакараў мяне, не папракнуў. Мне самой было няёмка, затое пасля таго мне будзільнік не патрэбен быў – ён у маёй галаве на ўсё жыццё застаўся. У любую пару года, пры любым надвор’і я на рабоце своечасова”.
Валянціна Клімовіч заўсёды імкнулася быць у перадавіках, і ў яе гэта атрымлівалася. І першыя перамогі таксама былі на Цясоўскай ферме: трап­ляла ў клуб даярак пяці-шасцітысячніц. А першая ўзнагарода – дыплом лаўрэта прэміі Ленінскага камсамола.

Крыніца натхнення

Не толькі праца В.Л.Клімовіч выклікае павагу. Яна – клапатлівая маці і бабуля, чыя любоў і падтрымка з’яўляюцца асновай для сям’і. Разам з мужам, якога сустрэла на рассветаўскай зямлі, і які працаваў слесарам у гаспадарцы (на жаль, ужо пакінуў гэты свет), выхавалі дзве дачкі: адна жыве ў Маскве, другая – у Бабруйску, расце трое ўнукаў. Бабуля ганарыцца старэйшым унукам Арцёмам, які сёлета стаў студэнтам Горацкай сельгасакадэміі – будзе аграномам.

Ганарыцца жанчына і сваім братам Міхаілам Семянковым, які таксама працуе ў “Рассвеце” і сёлета знаходзіцца ў ліку лепшых у раёне сярод вадзіцеляў на адвозцы збожжа ад збожжаўборачных камбайнаў.

Па працы і слава

Валянціна Леанідаўна ганарыцца сваімі дасягненнямі. Удзячна кіраўніцтву гаспадаркі і раёна за магчымасць атрымаць іх. “Прыемна і важна, што ў нашай дзяржаве так высока цэняць працу работнікаў сельскай гаспадаркі, бо яна ж вельмі цяжкая. Але і без яе асабіста я не магу”, – гаворыць жанчына.


А ганарыцца В.Л.Клімовіч ёсць чым. За працоўныя заслугі яна ўдастоена мноства ўзнагарод, сярод якіх ёсць і ўрадавыя. Тройчы атрымлівала ўзнагароды з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі: у 2008 годзе – медаль “За працоўныя заслугі”, у 2015 – ордэн Пашаны, у 2021 – прысваенне звання “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”.
У 2015 годзе Валянціне Клімовіч прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Кіраўскага раёна”, у 2016 – была ўдастоена спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года” з занясеннем на абласную дошку гонару. Кожная ўзнагарода – гэта вынік яе руплівай працы і любові да сваёй справы.


Гісторыя Валянціны Леанідаўны Клімовіч – гэта гісторыя чалавека, які, нягледзячы на ўзрост, працягвае працаваць з нязгаснай энергіяй, любоўю і натхненнем. Яе поспехі і ўзнагароды з’яўляюцца доказам таго, што сапраўдны прафесіяналізм і адданасць справе не залежаць ад узросту і часу, а толькі ад унутранага імкнення і любові да сваёй працы.
Хай жа і надалей над Валянцінай Леанідаўнай свеціць шчаслівая зорка…
Галіна РУСЕЦКАЯ.
Фота аўтара і Яўгеніі БЯЛЬКО.

Последние новости

Безопасность жизнедеятельности

Установка окон в доме закончилась… пожаром

17 апреля 2025
Читать новость
Благоустройство

В Кировском районе ведётся работа по благоустройству мест воинских захоронений, приведению в порядок территорий братских могил

17 апреля 2025
Читать новость
В районе

С 16 апреля в районе завершился отопительный сезон

16 апреля 2025
Читать новость
Знай наших!

Благодарственное письмо…

16 апреля 2025
Читать новость
Профилактика и безопасность

ПРЕДУПРЕЖДЕНИЕ И ПРЕСЕЧЕНИЕ НЕЗАКОННОГО ОБОРОТА ОРУЖИЯ, БОЕПРИПАСОВ, ВЗРЫВНЫХ УСТРОЙСТВ И ВЗРЫВЧАТЫХ ВЕЩЕСТВ

16 апреля 2025
Читать новость
Актуально

В этом году мы отмечаем 80-ю годовщину Победы советского народа в Великой Отечественной войне

15 апреля 2025
Читать новость