Віншаванні з юбілеем

24 сакавіка дырэктар КСУП “Чырвоны баец” Сяргей Лянкевіч адзначыў 55-годдзе з дня нараджэння. У гэты дзень ён прымаў віншаванні ад кіраўніцтва раёна, калег-кіраўнікоў, калектыву сельгасарганізацыі, сяброў і знаёмых.
Сяргей Лянкевіч нарадзіўся і вырас на Кіраўшчыне. Атрымаўшы спецыяльнасць агранома, вярнуўся на сваю малую радзіму, дзе плённа працуе ўсё сваё жыццё, уносіць уклад у працвітанне краіны, вобласці, раёна, дабрабыт жыхароў. Якую б пасаду ён не займаў, заўсёды аддаецца справе цалкам, імкнецца зрабіць усё, што ад яго залежыць, каб выканаць намечанае. Сяргей Мікалаевіч вельмі патрабавальны і да сябе, і да сваіх падначаленых, бо упэўнены, што толькі дзякуючы самаадданай працы можна дасягнуць добрых вынікаў.

Старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава ўручыла юбіляру Ганаровую грамату райвыканкама і пажадала далейшай плённай працы на карысць роднай Кіраўшчыны і нашай краіны, развіцця гаспадаркі і выканання пастаўленых задач.
Свае віншаванні ад імя дэпутацкага корпуса раёна адрасавала старшыня райсавета дэпутатаў Алена Сакадынец. Яна ўручыла Сяргею Лянкевічу Падзяку за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна.
Віншуючы юбіляра, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Дарожкін адзначыў, што калектыў, які ўзначальвае Сяргей Лянкевіч, прайшоў пэўны шлях станаўлення, пераадолення цяжкасцей, працоўных поспехаў і дасягненняў. Аднак наперадзе яшчэ нямала задач і планаў, якія Сяргей Мікалаевіч здольны вырашаць разам з калектывам. У адрас юбіляра прагучалі пажаданні здароўя, поспеху ў жыцці і працы. Ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргею Лянкевічу была ўручана Ганаровая грамата.
Старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Віктар Ставер уручыў юбіляру нагрудны знак “За добрасумленную працу”, адзначыўшы яго значны ўклад у рэалізацыю партнёрскіх сувязяў, захаванне жыцця і здароўя работнікаў сельгасарганізацыі, стварэнне належных умоў для іх працы і адпачынку.
Старшыня раённай арганізацыі аграпрамысловага саюза Іван Рыняк і былы кіраўнік “Чырвонага байца” Аляксандр Серакоў адрасавалі юбіляру свае найлепшыя пажаданні далейшай плённай працы і высокіх дасягненняў у выканні пастаўленых задач, сямейнага шчасця і надзейных сяброў.
Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.