Зямлі бацькоў добраслаўленне

Кіраўшчына… Колькі не вымаўляю гэта слова, сэрца заўсёды поўніцца гонарам за свой край, за яго таленавітых людзей, за казачную прыгажосць прыдняпроўскіх мясцін. 12 лютага Кіраўшчына адзначыла сваё 90-годдзе. Шэраг мерапрыемстваў бібліятэк раёна быў прымеркаваны да гэтай знамянальнай даты.
Размова падчас актуальнага дыялогу “Я гэту зямлю Радзімай заву” ішла аб гісторыі развіцця Кіраўшчыны, яе культуры і славутасцях. Мерапрыемста суправаджалася праглядам прэзентацыі “Кіраўскаму раёну – 90 гадоў”. Філіял Барчыцкая сельская бібліятэка-клуб – гэта куточак народнага побыту, які дае ўяўленне пра жыццё нашых продкаў – рупліўцаў, майстроў на ўсе рукі. Розныя хатнія рэчы і прылады, якім гадоў па сто, ужо належаць гісторыі, нашай багатай спадчыне са старажытнымі традыцыямі і абрадамі, якія не адышлі ў вечнасць. Наведаўшы бібліятэку, прысутныя пераканаліся: наколькі шмат цікавага сабрана тут пра родны край.
Творчай лабараторыяй вопыту па арганізацыі краязнаўства можна назваць Жыліцкую сельскую бібліятэку, якая да юбілею раёна арганізавала краязнаўчае падарожжа “Пра тую зямлю, дзе ты нарадзіўся”. Шмат цікавага прапанавала прэзентацыя “5 прычын наведаць Кіраўскі раён”, якая распавядала аб гісторыі развіцця і сучасным жыцці Кіраўшчыны. Выклікала зацікаўленасць у чытачоў тэматычная выстава “Старонка родная”. Мерапрыемства завяршылася віктарынай “Свой край любі і ведай”.
У рамках гуртка “Пралеска” ў філіяле Чыгірынская сельская бібліятэка прайшла гадзіна краязнаўчых ведаў “Гэты ціхі край мне мілы і дарагі”. Падчас мерапрыемства рабяты пазнаёміліся з гісторыяй раёна, падзеямі мінулых гадоў, часоў Вялікай Айчыннай вайны, аднаўленнем у пасляваенны час, даведаліся дзеці пра знакамітых землякоў. Бібліятэкар правяла агляд кніжнай выставы “Край, у якім я жыву”. Каштоўнасць літаратурнай творчасці нашых землякоў узбагачае нас ведамі аб родных мясцінах, прывівае любоў і павагу да гісторыі і культуры роднага краю, дапамагае поўна адчуць і ўсвядоміць сувязь літаратуры з жыццём, зразумець духоўную сутнасць сучаснага чалавека, выхаванага на культурнай спадчыне Кіраўшчыны.
Толькі веды аб родным краі, яго славутых земляках, гістарычных мясцінах, звязаных са знамянальнымі падзеямі, могуць выхаваць патрыёта і грамадзяніна – гэта вызначыла літаратурная гасцёўня “Мой родны кут, што Кіраўскам названы”, якую арганізавала Стайкаўская сельская бібліятэка. Бібліятэкар правяла экскурс у гісторыю Кіраўскага раёна, расказала пра пісьменніка-земляка Уладзіміра Пятровіча Саламаху. Літаратурная творчасць нашых суайчыннікаў узбагачае нас ведамі аб родных мясцінах, прывівае любоў і павагу да гісторыі і культуры роднага краю. З прысутнымі была праведзена віктарына “Нашы знакамітыя землякі”, конкурс “Ці ведаеш ты свой раён?”.
Толькі асвоіўшы культурную спадчыну малой радзімы, магчыма спасцігнуць каштоўнасць сусветнай цывілізацыі і пакінуць варты след на зямлі.
Наталля ХЛАПКОВА,
метадыст цэнтральнай бібліятэкі.