Убачыць святло ў канцы тунэля
10 снежня супрацоўнікамі РАУС была праведзена сустрэча з абавязанымі асобамі згодна Дэкрэта № 18 і якія двойчы на працягу года прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, а таксама раней асуджанымі грамадзянамі. Сустрэча праводзілася ў рамках комплексных мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін.
Была праведзена агульная прафілактычная гутарка, прадэманстраваны дакументальны фільм “Святло ў канцы тунэля”,які ўяўляе своеасаблівы крык душытых,хто пакутуе ад п’янства і алкагалізму сваіх родных.
Начальнік аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Алег Пад’ялоўскі давёў да ведама ўдзельнікаў мерапрыемства сітуацыю ў раёне па змяшчэнні ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. За 2012 год участковымі інспектарамі міліцыі сабрана 18 матэрыялаў, якія перададзены ў суд. З іх 16 ужо разгледжаны судом раёна, і 16 чалавек (9 жанчын і 7 мужчын) асуджаны і будуць накіраваны ў ЛПП.
За 11 месяцаў 2012 года выяўлена 1633 адміністрацыйныя правапарушэнні, па якіх складзены 842 адміністрацыйныя пратаколы за знаходжанне ў нецвярозым стане або распіццё спіртных напояў у грамадскіх месцах, 44 адміністрацыйныя пратаколы — за ўчыненне дробнага хуліганства і 33 — дробнага крадзяжу.
У выніку скаардынаваных дзеянняў супрацоўнікаў унутраных спраў з мясцовымі органамі ўлады, грамадскімі фарміраваннямі, судамі, пракуратурай былі дасягнуты наступныя вынікі: выведзена з незаконнага абароту 2 т 448 л самагону і самагоннай бражкі, 3 т 225 л фальсіфікаваных спіртаўтрымліваючых напояў, праведзена 73 агляды жылля, з якіх 31 па санкцыі пракурора, 42 агляды жылля былі праведзены са згоды ўласніка. За гэты ж перыяд бягучага года ўчастковымі інспектарамі міліцыі праведзена 34 першасныя медыцынскія агляды і 20 паўторных.
Ад атручвання сурагатамі алкаголю ў 2012 годзе памерла 4 чалавекі, за адпаведны перыяд мінулага года — 10.
Хочацца спадзявацца, што падобныя мерапрыемствы хоць крышачку адгукнуцца ў сэрцах людзей, якія пайшлі ўніз па сацыяльнай лесвіцы, дапамогуць ім задумацца над сваімі ўчынкамі.
Кацярына КІРЭЕВА.