Каб мароз кіраўчанам шкоды не нанёс…
У апошнія дні каляндарнай зімы ў сувязі з надыходам арктычнага паветра ў Беларусі пануюць моцныя маразы. Нягледзячы на тое, што тэмпературны фон на 7-13 градусаў ніжэйшы за кліматычную норму, марозны рэкорд пакуль не пабіты: у ноч на 1 лютага 1956 года ў Беларусі быў зафіксаваны мінус 41 градус. Па прагнозах сіноптыкаў, халоднае надвор’е захаваецца да канца лютага.
Усе экстраныя службы раёна працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Дзякуючы добра наладжанай рабоце на тэрыторыі нашага раёна ніякіх надзвычайных сітуацый не зарэгістравана. У той жа час меры перасцярогі не будуць залішнімі.
Неабходна быць пільнымі і асцярожнымі людзям. Асноўная небяспека падчас маразоў — пераахаладжэнне арганізма і абмаражэнне. Яно, як правіла, суправаджаецца агульным пераахаладжэннем і часцей за ўсё закранае вушы, нос, пальцы рук і ног. Прычыны, якія спрыяюць абмаражэнню, — цеснае і сырое адзенне і абутак, фізічная стома, голад, вымушанае доўгае нерухомае становішча, папярэдняя халадавая траўма, аслабленне арганізма ў выніку перанесеных захворванняў, у тым ліку хранічных — захворванні сасудаў ніжніх канечнасцей і сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Што варта ўлічваць вадзіцелям гэтымі марознымі днямі? Найперш трэба задумацца, наколькі неабходна вам ехаць уласным транспартам, бо пры марозе звыш 25 С0 знос аўтамабіля вырастае ў дзесяць разоў у параўнанні з летнім сезонам. Калі ж іншага выхаду няма, то аўтамабіль трэба рыхтаваць да маразоў загадзя — праверыць акумулятар, сістэму запуску рухавіка, заліць сінтэтычнае ці паўсінтэтычнае масла, дадаць антыфрыз у вадкасць для сістэмы ахаладжэння.
Асаблівую ўвагу неабходна надаваць захаванню правілаў пажарнай бяспекі. Так, падчас моцных маразоў паліць печ неабходна не больш за паўтары гадзіны па два-тры разы ў дзень, каб пазбегнуць яе перакалу.
Адна з самых распаўсюджаных праблем эксплуатацыі ацяпляльнага абсталявання ў халодную пару года — абледзяненне вонкавай часткі дымаходу, што можа прывесці да яго закупоркі. Неабходна своечасова праводзіць агляд дымаходаў і вентыляцыйных каналаў.
Фотакалаж
Максіма МІКЕШЫНА.
На здымках: машыніст кацельні ААТ «Кіраўск-лён» УКП «Жылкамгас» Максім Вароніч кантралюе працэс падачы цяпла ў жылыя дамы кіраўчан, а таксама размешчаныя побач установы і арганізацыі горада; утульна і камфортна выхаванцам ясляў-садка №4 горада, малышы з задавальненнем займаюцца і гуляюць у цёплых памяшканнях; кіраўчаніну Уладзіміру Іваніцкаму не страшныя ніякія маразы, упэўненасці яму надае дастатковы запас паліва, своечасова уцепленыя вокны і дзверы.