Пад крытычным вуглом Зона адпачынку або..?


Зона адпачынку каля вады – гэта месца, куды людзі прыходзяць за цішынёй, чыстым паветрам і прыроднай прыгажосцю. Адно з такіх месцаў у нашым раёне – каля в.Падлужжа. Аднак замест прыемнага пейзажу ўжо ў сакавіку нас сустрэла невясёлая карціна: перапоўненыя кантэйнеры для смецця, разлятаецца па ветры смецце. Узнікае пытанне: як такое магчыма ў месцы, дзе практычна ўсю зіму ніхто не адпачываў? А беспарадак жа не толькі псуе знешні выгляд зоны адпачынку, але і наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю. Смецце забруджвае глебу і ваду, пагражае мясцовай флоры і фаўне. Улічваючы, што такія месцы звычайна пазіцыянуюцца як экалагічна чыстыя куткі прыроды, нядбалае стаўленне да іх санітарнага стану выклікае абурэнне ў свядомых грамадзян.
Вядома ж, рэдакцыя адразу звярнулася да старшыні Стайкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Алены Волкавай, і пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, у зоне адпачынку сумеснымі намаганнямі (сельсавет, ЖКГ, Чыгірынская школа, сацыяльная служба) быў наведзены санітарны парадак. Такая аператыўнасць – гэта добра, але пытанне застаецца адкрытым, хто ж у зімовы час так адпачывае ля вады? Можа, дзікае звяр’ё, якое смела цяпер з лесу выходзіць да людзей? Але куды больш верагодна, што гэта справа рук саміх людзей, якія альбо нядбала ставяцца да чысціні, альбо не задумваюцца аб наступствах сваіх дзеянняў.
Няўжо камфорт і прыгажосць прыроды так мала значаць, што мы гатовы яе знішчаць дзеля хвіліннай ляноты выкінуць смецце ў належным месцы? Ці праблема глыбей: у адсутнасці культуры і адказнасці за навакольнае асяроддзе? Менавіта з маленькіх “фанцікаў” фармуюцца кучы смецця, якія псуюць ўражанне ад зоны адпачынку.
Адказнасць за чысціню пачынаецца з кожнага з нас. Калі мы хочам бачыць такія месцы дагледжанымі, трэба ўсведамляць, што прырода не справіцца з нашай “спадчынай” сама.
Галіна РУСЕЦКАЯ.