Кіраўскія хлебапёкі і кандытары вярнуліся з залатым медалём з рэспубліканскага конкурсу “Смаката-2017”!
Смаката! Менавіта гэтае слова адразу ўзнікае ў думках кожнага, хто каштаваў аўсянае пячэнне “Верасок”, якое выпускае вытворчы аддзел райспажыўтаварыства.
Мабыць, нездарма так і назвалі рэспубліканскі агляд акасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў — “Смаката-2017”, які праходзіў у межах святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Там, як заўсёды, хлебапёкі і кандытары з усіх куткоў краіны дэманстравалі лепшыя ўзоры прадукцыі, што вырабляюцца хлебапякарнымі прадпрыемствамі рэспублікі.
У гэтым годзе камісія конкурсу адзначыла пячэнне “Верасок”. Кіраўчане вярнуліся дадому з каштоўнай узнагародай — залатым медалём, які, трэба адзначыць, у скарбонцы нашых хлебапёкаў ужо не першы — штогод прадукцыя вытворчага аддзела райспажыўтаварыства адзначаецца залатымі і сярэбранымі медалямі, а, гэта сведчыць аб яе высокай якасці.
Трэба прыгадаць мінулыя поспехі кіраўчан — у 2016 годзе “золата” заваяваў “хлябец асаблівы з разынкамі”, а яшчэ раней, у 2014 годзе ўзнагароду атрымалі адразу два прадукты: хлеб “залатая ніва” і булка здобная. Можна працягваць і далей — конкурс праводзіцца ўжо працяглы час. Усё гэта сведчыць аб тым, што нашы хлебапёкі справу сваю ведаюць добра і з усёй адказнасцю падыходзяць да таго, каб у кожнага з нас на стале быў свежы хлеб, а да чаю — смачныя салодкія пачастункі.
На здымку: падзякаваць за смакату — аўсянае пячэнне “Верасок”, якое ведаюць не толькі ў Кіраўскім раёне, але і па ўсёй Магілёўскай вобласці — мы маем магчымасць работніцу вытворчага аддзела райспажыўтаварыства Алену Каранкевіч.